Літоўскі воўк | страница 148



Калі агітавалі шляхту, то казалі пра заваяванне вольнасці, сцвярджалі, што адбудуем край, як было колісь.

- А галоўнае - усе будуць роўныя. Ніякай табе ні шляхты, ні мужыкоў... Кожнаму будзе дадзена зямлі, колькі хто захоча.

- Не выдумляйце, - пярэчылі сяляне. - Не хочам мы станавіцца шляхтай... Мы жывём з мазаля, а мазоль, браткі, скажу табе, гэта такая штука, што любога сцягне з неба... Не вольнасць нам патрэбна, не шляхецтва, але зямля.

- Ды не можа быць зямлі без вольнасці! - гарачыліся агітатары.

У атрад набралася чалавек за сотню. Карміў, апранаў, абуваў усіх, зразумела, пан Урбановіч. Ён ужо каяўся, што так, на скрут галавы, згадзіўся заняць пасаду інсургенцкага інтэнданта. Прасцей было б адкупіцца грашыма. Але Аксане падабаўся гэты штодзённы ваяўнічы, рэвалюцыйны вэрхал у эканоміі, натоўп узброеных людзей каля афіцыны. Яна пасылала ганцоў да Артура Буевіча ледзь не штогадзінна. Што б ні рабіў аканом, то рабіў з аглядкай на Аксану. Ягоная ж жонка проста расцвіла! Яна так актыўна ўдзельнічала ў арганізацыі войска, што яе выбралі нават у вайсковую раду, галоўны орган па кіраванню ўсім тым, што адбывалася ў наваколлі. Інсургенты нават хацелі атабарыцца ў старасвецкім парку пры маёнтку, але аканом запратэставаў і вывеў атрад па-за межы фальварка.

Інсургенты на выгане каля мястэчка, дзе звычайна спыняліся цыганы, саставілі пабраныя з вёсак падводы, выставілі ахову. Зрэшты, гэтае войска і выглядала, як табар цыган, але на гэтую акалічнасць ніхто не звяртаў увагі. Гэта было сваё войска.


РАЗДЗЕЛ XIV. Збройнае рушанне


1. Святун у вязніцы


Пачалося новае, бурлівае жыццё. Чутка пра збройнае рушанне абляцела ваколіцы. Шляхта збіралася ў мястэчку ці прыязджала ў эканомію, каб даведацца пра апошнія навіны і прыняць рашэнне: ці далучацца да паўстання, ці заставацца дома. Некаторыя нават выказвалі рашучую нязгоду з дзеяннямі самаабвешчанага вайсковага начальніка - Артура Буевіча, і збіраліся яго скінуць.

Як там ні было, войска памалу ўзбройвалася, апраналася, забяспечвалася правіянтам. Выбіраліся камандзіры дробных падраздзяленняў, іх намеснікі. Дайшла справа і да вайсковых вучэнняў.

Жыццё ішло сваёй каляінаю. Адным днём злавілі прыстава Вусаціху. У першы дзень збройнага рушання ён схаваўся і, пэўна, адседжваўся ў некага на вышках, але не ўцярпеў, вылез і быў схоплены. Яго хацелі аддаць сялянам і мяшчанам з пакрыўджаных на расправу. Вусаціха кляўся і бажыўся, што ён чыстай вады ліцвін, але служыць цару яго вымусілі жыццёвыя абставіны. Мала таго, ён даказваў, што ён таксама са старой шляхты, а ніякі не расеец, не маскаль і нават партрэт ягоных продкаў знаходзіцца ў вядомай калекцыі карцін Радзівілаў у Нясвіжы. Нехта са студэнтаў, адукаваны, спытаў, канкрэтна які партрэт прыстаў мае на ўвазе.