Літоўскі воўк | страница 149



- Партрэт невядомага, - не міргнуўшы вокам сказаў прыстаў. - Зроблены ў сярэдзіне мінулага, гэта значыць яшчэ XVIII стагоддзя.

Студэнт зморшчыўся, не прыпамінаючы такі партрэт. Летась падрабляў памочнікам бібліятэкара ў Радзівілаў, крыху азнаёміўся з калекцыяй. Пачалі шукаць са старэйшых, з шляхты, хто гасцяваў у магнацкіх палацах і бачыў той партрэт. Знайшоўся стары Шаламіцкі, які за колішнімі часамі насамрэч быў у Нясвіжы, бачыў і добра памятае тую калекцыю. Прадставілі прыстава перад Шаламіцкім. Той агледзеў высокі шышкаваты лоб, ледзь не ідыёцкай велічыні, чырвоныя губы прыстава.

- Нешта ёсць, - сказаў Шаламіцкі, - падобны. Не хапае толькі булавы ў руку ды сіняй ядвабнай ленты праз грудзі. А так рыхтык той самы шляхцюк з партрэта. Але ж і вырадак: хто б падумаў, што нашчадак слаўнага роду зробіцца царскім слугой?!

Прыстава хацелі судзіць судом гонару, раз ён шляхта. Прызначылі грамадзянскі суд, але нейкі няўрымслівы шляхцюк, якому Вусаціха ўпёкся ў пячонкі, навёў на бедачыну сялян, і тыя сталі частаваць спадара прыстава кухталямі. Каб не местачкоўцы, якія адабралі небараку, натаўклі б прыставу пысу да нясхочу.

- Га! Зух з калом на мух! - атурзвалі мяшчане шляхцюка. - Га! На пахілае дрэва і козы скачуць! У якой канаве ты, шляхецкая костка, спаў, калі Вусаціха на кані галёкаў?!

Каб прыстаў не ўцёк ці з ім не нарабілі бяды пакрыўджаныя зламыснікі, прыстава схавалі ў салявы склеп. Нічога лепшага не прыдумалі.

На другі дзень, памяты і пабіты, прыстаў стаў перад судом. На тым судзе прыстаў нечакана прызнаўся, што ведае, дзе шукаць зброю - скрынку са штуцэрамі.

- Гэнага Кавальца сын, Ясь, збаёдаў штуцэры.

- Як табе веры даць? - спыталіся ў прыстава.

- Чуў, як у пушчы страляў. Пістонаўка так не страляе.

Далажылі Артуру Буевічу. Той і сам нешта падазраваў няладнае. Паслалі людзей да Кавальцоў, прыцягнулі Яся. Хлопец упіраўся, бажыўся, што нічога не ведае. Зрабілі вочную стаўку з Вусаціхай. Ясь перастаў бажыцца, але па-ранейшаму адмаўляў, што чапаў тыя штуцэры.

- У склеп! - коратка загадаў Артур. - Думаеце, чыкацца з ім буду.

Вусаціху адпусцілі. Каб выслужыцца, прыстаў заявіў, што можа быць карысны паўстанцам як вайсковы чалавек. Навучыць, дзе ар'ергард, дзе авангард, што такое дазор, сакрэт. Яго слухалі і нават падпарадкоўваліся. Прыстаў разам са сваім атрадам паехалі на сядзібу Кавальцоў і зрабілі ператрус, каб знайсці штуцэры. Безвынікова.

Ясь сядзеў у склепе і ўпарта настойваў, што нічога не ведае. І безупынна маліўся.