Літоўскі воўк | страница 147
- Гэта... загад? - спытаўся аканом.
- Успрымайце як хочаце, - ужо амаль сурова сказаў Артур. - Памочніцай вам будзе ваша жонка.
- Чыя... жонка? - ледзь выціснуў з сябе Ўрбановіч, міжволі строячы з сябе дурня.
- Ваша жонка, пані Аксана. Яна даказала сваю прыхільнасць справе паўстання. І мае паўнамоцтвы...
Буевіч, калі гаварыў гэтыя словы, глядзеў убок.
«Яны каханкі?! - пакутліва крутанулася ў галаве Ўрбановіча. - Ці не?!»
Урбановіч зіркнуў на Аксану. Жонка мела прамяністы позірк, вачэй не спускала з новааб'яўленага камандзіра паўстанцаў. Яна з захапленнем глядзела на Артура. У аканома сціснулася сэрца.
- Прыступайце да справы. Неадкладна, - ужо зусім суха прамовіў Буевіч. - Вечарам сустрэнемся. А мне яшчэ належыць знайсці зброю... Шмат зброі...
Аксана нечакана падышла да мужа і прылюдна, парывіста абняла яго і моцна пацалавала. Сэрца аканома забілася мацней.
- О, птушка мая! - толькі і выціснуў ён і палез за хустачкай выціраць слязіну. - З чаго... пачнём?
- У першую чаргу нашых ваякаў як след адзенем і абуем, - заклапочана прамовіла жонка.
Урбановічы селі ў брычку, і аканом настаяў, што спачатку варта разабрацца з той зброяй, якая мелася ў эканоміі. Сёе-тое можна было нашкрэбці. Бо кожны з навабранцаў патрабаваў паперш зброю. Вопратка і правіянт маглі пачакаць.
- Яшчэ, Ежы, нам трэба грошы, трэба шмат грошай, - гаварыла ў брычцы Аксана. - Я і не падазравала, што наша тутэйшая шляхта, нават патрыятычна настроеная, з заможных, такая сквапная. Трасуцца над кожным грошам.
- О, маё сэрцайка, хто ахвотнік выпускаць з рук грошы ці нават правіянт, - згаджаўся з жонкай бясконца шчаслівы аканом. Яму верылася, што шанец, які быў дадзены яму, шанец вярнуць, узмацніць каханне, ён не прапусціў, не прамінуў - выкарыстаў.
Неўзабаве ў эканомію, пад афіцыну, сабраліся сяляне з ваколіц. Сюды ж пад'ехалі і незнаёмцы, якія таўкліся каля Артура Буевіча. Гэтыя былі за агітатараў: словы і заклікі ліліся рэкамі. Мужчыны з сямейных, талковых на заклікі падбухторшчыкаў выказваліся, што толку з паўстання не будзе, бо паўстанцаў мала, а зброі зусім няма, што ў расейскага цара войска больш, што зброя ў царскіх жаўнераў вайсковая, сапраўдная, а пістонаўкамі ды сякерамі не паваюеш.
- Вільня дапаможа, Варшава зброю прышле, - чуліся пярэчанні. - Вось-вось выступіць супраць цара Францыя.
- Што нам тая Вільна? Што нам Варшава?! Мы самі сабе і Вільна, і Варшава, і Масква разам узятыя, - казалі сяляне. - Дайце нам заміж касы стрэльбачку. Хоць якую...