Літоўскі воўк | страница 146



У той дзень, як Аксана паехала ў мястэчка, аканом стаў чытаць, але нічога ад узрушанасці не лезла ў галаву. Чакаў-чакаў жонку і, не дачакаўшыся, не ўцярпеў. Тое, чаго так баяўся манкевіцкі аканом, надышло. І ад гэтага нельга схавацца нідзе: ні ў Вільні, ні ў Маскве. Арыштаваць маглі ў любы дзень. І было ж за што! Ён муж жанчыны, якая трымала страшныя, забароненыя паперы!

Выйшаў на вуліцу, сеў у брычку і пакалываўся ў мястэчка. Першае, што ён убачыў на пад'ездзе да мястэчка, непрыемна яго ўразіла.

Шыльда з царскім двухгаловым арлом была збіта, а на яе месцы нейкія няўрымснікі пачапілі іншую, на якой харашыўся польскі белы арол і... старая літоўская Пагоня.

Мурашы забегалі па спіне ў аканома. Што за свавольствы? Добра, калі наедуць казакі і ўсыплюць катораму нягодніку бізуна. А калі румнуць у эканомію з вобыскам? Тут пабітым посудам, як у Палюховічаў, не абыдзешся.

Пад'ехаў да ўправы і... вачам не паверыў. Каля прысутнага месца стаяла некалькі аседланых коней, на лавачцы сядзеў зняможаны Людовік Бароўскі, а каля яго... Буевічаў Артур. Адкуль узяўся?! Побач з ім стаяла і ягоная жонка Аксана.

«Забяру з сабой. Скажу, каб ехала дахаты...» - мільганула ў галаве. Але ні забраць, ні загадаць жонцы ехаць дахаты Ўрбановіч не адважыўся. Ужо потым аканом даведаўся, што ні да якіх жаўнераў, ні да прыстава Аксана і не ездзіла. Ці сама выклікала, ці паслала ганца да Артура, а той прывёў недзе з лесу паўстанцаў. Па дарозе да іх далучыліся сяляне з віламі і косамі. Жаўнеры, якія вартавалі Бароўскага, не аказалі ніякага супраціву. Убачылі такую процьму людзей, узброеных дубальтоўкамі, косамі, віламі, а шляхта яшчэ пры шаблях - самі аддалі ружжы. З рук нават не вырывалі. Словам, абышлося без крыві. Іх нават не сталі арыштоўваць - разышліся па хатах, у каго жылі.

Аканом пад'ехаў да кампаніі. У галаве круцілася: «Мураўёў, Вільня...» Ён, манкевіцкі гаспадар, мусіў выбіраць: або застацца ў цяні - і тады назаўжды страціць Аксану, або падтрымаць паўстанцаў - і тады ў яго застанецца нейкі шанец.


6. Сваё войска!


- Во хто зоймецца матэрыяльным забеспячэннем войска! - бадзёра, весела праказаў заміж прывітання Артур Буевіч. Адзеты ў зялёную суконную куртку, шытую чорнымі шнурамі, і падшытыя скурай кавалерыйскія рэйтузы, якія аканом бачыў на конных жандарах, выгляд меў самы ваяўнічы. А з-за паса яшчэ тырчэлі і рэвальверы.

- Нашых людзей, грамадзянін Урбановіч, трэба як след апрануць, абуць, зразумела, забяспечыць правіянтам. Узбраенне я бяру на сябе.