Літоўскі воўк | страница 145
Малога Бароўскага правялі па мястэчку са звязанымі спераду рукамі, у парваным пад пашкамі студэнцкім кіцелі з абарванымі «з мясам» гузікамі. Правялі наўмысна, каб усе бачылі, што чакае кожнага, хто адважыцца выступіць супраць уладаў. Жандары нешта мелі ў галаве сваё. Немінучасць пакарання, на іхнюю думку, мусіла застрашыць абываталяў, прымусіць іх сядзець ціха. Надзіва, здзек, больш маральны, чым фізічны, зрабіў адваротнае.
Імгненна ўзніклі купкі людзей, якія пазірквалі на жандараў не сказаць, каб варожа, але смела. Запужаць можна селяніна, знуджанага работай, які сядзіць у пазыках, часам галодны, галодны сам і яшчэ горай - з галоднымі дзецьмі. А местачкоўцаў, ды яшчэ - шляхту, ды яшчэ шарачковую шляхту, застрашыць немагчыма. Небагаты шляхцюк-местачковец і не галодны, і губляць няма чаго, як магнату якому. Сёння ўхапілі Людовіка - ні за што, паводле даносу, заўтра брэхне які Дзяркач (памяталі, не забылі) - і цябе ж гэтак павядуць, як злачынцу. Не, тут нешта не так. Тут падсушвай порах ды гастры шаблі і сякеры.
У эканоміі пра арышт маладога Бароўскага даведаліся ад Мондрыка, які нечага хадзіў у мястэчка. Ён і расказаў пра ўбачанае. Жандары паехалі на Пінск, а Людовіка пакінулі пад вартай унутранай аховы, якая з'явілася нядаўна, з сярэдзіны красавіка, пасля нечаканага выступлення Палюховічаў і такога недарэчнага арышту Вусаціхай. Ахова складалася з дзесятка жаўнераў, якія большай часткай бязмэтна бадзяліся па мястэчку. Яны ўсе на жыццё не наракалі - у мястэчку цішыня, жывуць амаль адныя жыды, якія заняты сваімі справамі: у падбухторшчыкі не лезуць і да іх ніхто не прыстае з падбухторшчыкаў. Іншая справа памешчыкі, тутэйшая шляхта. Асабліва з бедных, з маладых, з ганарыстых. Але апошнія з'яўляліся ў мястэчку рэдка.
Жаўнеры, каб меней мець клопату з арыштаваным, і запраторылі яго ў вязніцу - саляны склеп з вечна вільготнымі сценамі. Добра, што хоць ні пацукоў, ні мышэй у ім не вадзілася.
Аксана, як даведалася пра арышт, стала збірацца пагаварыць з жаўнерамі, урэшце - з прыставам. Яна не траціла спадзявання, што можа паўздзейнічаць на прадстаўнікоў улады, каб яны адпусцілі няшчаснага юнака хоць бы пад дамашні арышт.
Маладая жанчына апранула лепшае, што мела, нават прыпудрылася, што рабіла рэдка. Аканом хацеў ехаць з жонкай, але яна папрасіла яго застацца. Адной ёй будзе зручней угаворваць прыстава і жаўнераў унутранай аховы.
У свой час, каб жонка так клапацілася пра якога-небудзь арыштанта, Урбановіч абрадаваўся б. Нават і цяпер, калі глядзеў, як ягоная жонка Аксана перажывае за арыштаванага Людовіка, адчуў нешта падобнае на радасць. Бо гэтае перажыванне яскрава сведчыла - каханка ў жонкі няма, яна клапоціцца так, з любоўю, з мілатой, пра кожнага. Але прыйшоў час, калі гэткія і любоў, і мілата маглі саслужыць кепскую службу.