Літоўскі воўк | страница 144



Аднойчы праз мястэчка прайшло падраздзяленне расейкіх жаўнераў. Роты тры. Моўчкі, прыспехам, са свежымі сіламі. Шынелі звіты ў скаткі, на галовах баранчыкавыя шапкі, рулі вайсковых ружжаў уніз. Афіцэры ехалі конна, са здзіўленнем пазіралі на жыдоўскія крамкі, на сялян, якія прыязна, але няшчыра пасміхаліся. Жаўнеры пратупалі, не спыніўшыся, нікога не закрануўшы. Падаліся на захад, на Пінск, на Берасце - хто іх ведае.

З'явіўся і прыстаў Вусаціха. Не адзін - з дзесяткам-другім казакаў. Казакі зухвала праскакалі па вуліцы некалькі разоў узад-уперад, спешыліся, з аголенымі шаблямі заходзілі ў жыдоўскія крамкі, бралі ў кішэні разынкі, нюхалі каву і гарбату. Потым гэтак жа нечакана зніклі, як і наляцелі. Нехта бачыў, што Вусаціха павёў іх на балота. Чаго, да каго?

Потым высветлілася - да Палюховічаў. Як расказвалі потым дваровыя, казакі наскочылі на сядзібу нядаўняга «генерала» з усіх бакоў, каб стварыць уражанне шматлікасці, з дзікім гіканнем уварваліся на двор, сагналі мужчын у адрыну, Палюховічу падставілі пад нос рэвальвер і аб'явілі, што будуць праводзіць рэвізію-вобыск. Шукалі зброю. Перакапалі гной у хлявах, паднімалі падлогі і ў чаляднях, і ў панскіх пакоях. Грабліся ва ўсіх шуфлядах, пабілі ў буфетах посуд, расшкуматалі кнігі ў бібліятэцы. Нічога не знайшлі, ад злосці адлупцавалі нагайкамі Едруся, які рыпаўся ці то бараніцца, ці то проста рот раскрыў. Пад канец налавілі курэй, набралі гарэлкі, згвалцілі ў пуні касавокую дваровую дзеўку, паселі на свае маленькія коні і падаліся прэч.

Людзі бачылі, што недалёка ад сядзібы хаваўся ў карчах прыстаў Вусаціха. Пэўна, спадзяваўся, што казакі знойдуць зброю. Калі б у Палюховічаў знайшлі хоць адзін вайсковы карабін, ён, пэўна б, вылез з карчоў, каб без страху, з доказам на руках - зброя! - абвінаваціць Палюховічаў.

У тыя ж дні сядзіба Палюховічаў апусцела. Палюховічы выкапалі зброю, распусцілі людзей, паселі на коні і падаліся на захад. Старая пані Палюховіч не змагла стрымаць свайго Лявона, адной было страшна заставацца, і яна ў вазку з невялікім скарбам падалася на Гарадзеншчыну да замужняй дачкі.

Ці ведала яна, што едзе ў сапраўднае пекла?


5. Апошні шанец каханню


А неўзабаве ваколіцу абляцела першая ашаламляльная вестка - сын Бароўскага Людовік, гімназісты яшчэ, узяты пад арышт. Арыштавалі яго нейкія наезджыя жандары. Наляцелі на сядзібу, ператрэслі пакоі - усё шукалі зброю. Шляхта пагаворвала, што без падказкі капітана Фогеля, які гойсаў недзе па Піншчыне, не абышлося.