Літоўскі воўк | страница 143



- Не, я не прыгнятальнік, - прашаптаў збялелымі губамі аканом. - Я люблю сялян, сваіх работнікаў. Ніхто не паскардзіцца.

Урбановіч выграб з кішэняў паперы, засунуў іх у шуфляду стала.

«Выклікаць спраўніка, жандараў... - мільганула думка. - Прызнацца чэсна, што да чаго...» Але вочы затрымаліся на верхняй паперы, міжволі прачытаў:

«Цыркуляр супраць дэзінфарматараў - 19 лютага 1863 года.

Часовы Правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі даручае ваенным начальнікам і членам Народнай арганізацыі:

1. Сачыць за пашыральнікамі падманных чутак, паколькі моц захопнікаў, пахіснутая ў многіх пунктах моцай паўстання і не здольная ставіць яму перашкоды сілаю, звяртаецца да падману, сеючы фальшывыя звесткі пра паражэнне паўстанцаў, народнай рэакцыі, а прыхільнікі, паспешліва перадаючы гэтыя весткі ўраду, хочуць пагасіць высакародны запал і ўстрывожыць менш свядомых.

2. Людзей, якія сцвярджаюць, што Часовы ўрад устрымлівае паўстанцкія рухі ў нашых правінцыях, называюць імёны мяркуемых дзеячаў і пускаюць іх у ход, а таму шкодных нароўні са шпіёнамі захопнікаў, патрабуе адразу караць з усёй строгасцю ваенных законаў або неадкладна перасылаць іх імёны адпаведным народным уладам, каб належная кара магла спасцігнуць іх усюды».

- Не, ніякіх спраўнікаў... - прамармытаў аканом. - Пагляджу, на чыім баку будзе сіла. Тут круціцца трэба, як таму ўюну на патэльні. Ой падсмажаць яны мяне, ой падсмажаць.


4. «Казакі ідуць!»


У мястэчка найшло мноства пагарэльцаў. Яны сцвярджалі, што іхнія хаты спалілі расейскія жаўнеры. Сярод пагарэльцаў былі і пакалечаныя. Наколькі разбіраўся аканом, пакалечаныя не падчас пажару. Раны выглядалі на шабельныя, багнетныя і нават кулявыя. Пагарэльцы і калекі прасілі хоць кавалак хлеба, хоць бульбінку на насенне ці які рызман прыкрыцца. Расказвалі жахі пра зверствы расейцаў. Ці лгалі, ці праўду казалі - хто праверыць. Гаворка іхняя была мілагучнай, як гавораць сяляне Наваградчыны, Лідчыны, Слонімшчыны.

Хадзілі па вёсках і калі чулі: «Так вам, польскім сабакам, і трэба», пачыналі пад наступнымі вокнамі прасіцца іначай:

- Падайце пацярпелым ад польскіх бандытаў. Аб'елі да ніткі, у свет пусцілі, жабракамі зрабілі.

Як потым расказваў Бароўскі, пагарэльцы адразу, на пачатку вёскі, выпытвалі, хто каталік, а хто праваслаўнай веры, і тады адпаведна прасіліся ў весніках. Калі Ўрбановіч бачыў гэтых пагарэльцаў, яму здавалася, што ў паветры смярдзіць дымам.

Жонцы пра тое, што ён знайшоў у яе кніжках мноства папер, і не проста паперак, але дакументаў, за якія можна не тое што ў Сібір, але на шыбеніцу патрапіць, нічога не сказаў. Як быццам і не бачыў. Усяляк пазбягаў гаворкі на тэму паўстання, хоць у краі даўно пахла не толькі дымам, але і порахам, крывёю.