Літоўскі воўк | страница 142



Мароз пайшоў па скуры. Гэта хто? Артур Буевіч стане такім «неабмежаваным уладаром мясцовасці»? А можа, ён ужо камандзір і ўжо стаў «панам жыцця і смерці ўсіх сваіх падуладных»?

Далей што? «У кожным пільным выпадку камандзір сам цалкам вырашае ўсе пытанні, маючы на ўвазе толькі галоўныя прынцыпы, устаноўленыя Нацыянальным урадам...»

Валасы ў аканома заварушыліся на галаве, ён прашаптаў: «Нацыянальны ўрад...» У вочы лезлі радкі інструкцыі, пункты яе як цвікамі ўбіваліся ў свядомасць:

«Камандзір атрада мае наступныя правы:

1. Забіраць з выдачай адпаведных квіткоў агнястрэльную зброю, якую знойдзе ў прыватных асоб, а таксама косы, коней, прадукты, адзенне і падводы для перавозак.

2. Выносіць неадкладныя прысуды выяўленым здраднікам, шпіёнам, а таксама асобам, што супраціўляюцца яго распараджэнням».

«Божачка! - перахрысціўся Ўрбановіч. - Уратуй! Хоць ты не чытай...» Але вочы ўпарта працягвалі бегаць па радках:

«Камандзір атрада мае наступныя абавязкі:

1. Пакуль не збярэцца дастатковай сілы, павінен пазбягаць рашучых сутыкненняў з войскам, аднак гартаваць сваіх падначаленых пастаяннымі нападамі на меншыя непрыяцельскія атрады, рассыпаныя па краі, і раззбройваць іх.

2. У месцах, занятых паўстанцамі або якія зноў займаюцца, абвясціць і неадкладна прывесці ў выкананне дэкрэт Часовага ўрада пра надзяленне зямлёй сялян.

(«Вось ён! - адзначыў аканом. - Мой канец!»)

3. Знішчаць усе ранейшыя ўлады, а на іх месца ўстанаўліваць улады народныя ва ўсіх мясцовасцях, якімі завалодае, прычым ніхто пад самай суровай адказнасцю не можа ўхіліцца ад ускладзеных на яго часовых абавязкаў.

4. Забараніць пад самай суровай адказнасцю ўплату заборчаму ўраду ранейшых падаткаў, на якія адгэтуль толькі Нацыянальны ўрад мае выключнае права.

5. Даручыць і прасачыць, каб адпаведныя святары прынялі ад усіх жыхароў прысягу на вернасць і падпарадкоўванне Нацыянальнаму ўраду, а таксама заклікаць у паўстанцкія шэрагі ўсіх, здольных насіць зброю.

6. Перарываць, дзе прызнае патрэбным, камунікацыі, тэлеграфныя лініі, перахопліваць дэпешы, затрымліваць кур'ераў і эстафеты, захопліваць і адбіраць сродкі, што знаходзяцца ў руках заборчага ўрада, і, узяўшы з іх тыднёвае жалаванне свайму атраду, лічачы па 2 злотыя ў дзень на чалавека, рэшту, калі будзе мець надзейную сувязь з народнымі ўладамі, павінен апячатаць і неадкладна адаслаць ім.

7. Маскоўскую паліцыю нішчыць усімі спосабамі.

8. Найбольш вядомых прыгнятальнікаў сялян, сабраўшы людзей, судзіць ваенным судом і караць смерцю, не дапускаючы самавольнай расправы...»