Літоўскі воўк | страница 141
З гэтымі думкамі аканом ашалела перагортваў Аксаніны кніжкі, мерачыся сярод старонак знайсці хоць які след ці то сужэнскай здрады, ці то матэрыяльнага доказу патаемнай, у абход мужа, сувязі жонкі з паўстанцамі.
У той вечар ён так і не знайшоў нічога. Нічагуткі. Але на тое, што жонка нейкім чынам звязана з паўстаннем, якое бушавала ў Польшчы, доказ знайшоўся. Страшны, неверагодны доказ.
Спачатку Ўрбановічу патрапілася невялічкая блакітнаватая паперка, на якой друкарскім чынам былі адціснуты словы на польскай мове:
«Прад'явіцель гэтага (далей ішоў прабел пад прозвішча), ёсць упаўнаважаны збіраць складкі і прымаць усялякія фундушы і прадметы. Выдадзена ў Варшаве, дня 7-га, месяца лютага 1863 года. Нацыянальны ўрад, камендант места Варшавы».
І пячатка была: белы арол і Пагоня. І подпіс каменданта Варшавы. Праўда, уласна прозвішча гаспадара мандата не ўпісана. Відаць, Аксана яшчэ не адважвалася зрабіць гэтага.
Аканому ўспомніліся пэўныя дзіўныя паводзіны і ўчынкі жонкі: часта ездзіла да Цэцыліных дачок, пасябравала, чаго раней не заўважалася, з Мондрыкам. А самае галоўнае - перастала ў адкрытую гаварыць пра палітыку. Маўчала, часам загадкава пасміхаючыся. Толькі ідыёт не зразумее, што яна ў тайнай арганізацыі. Увесь час аканом не мог пазбавіцца адчування, што Буевічаў Артур, які гэтак загадкава знік, недзе блізка і рыхтуе паўстанне. З другога боку, куды ён знік? Няўжо і насамрэч пакіраваўся на Каўказ, да месца сваёй работы, службы?
Урбановіч запомніў нумар старонкі кнігі, у якой закладзена небяспечная паперка, там яе і пакінуў. Пакуль што рана тлумачыцца, трэба пачакаць.
Зірнуў на кнігі, якія яшчэ не перагортваў. Узяў адну, трасянуў. З кнігі выпала паперка. Разгарнуў - і адразу зрабілася горача. Гэта была інструкцыя Літоўскага правінцыйнага камітэта павятовым начальнікам, датаваная 28 кастрычніка 1862 года. Узяў яшчэ адну кнігу. У ёй спачывала інструкцыя акруговым начальнікам. Датаваная таксама 28 кастрычніка 1862 года. Стаў разгортваць і вытрэсваць іншыя кнігі. З іх пасыпаліся абвесткі ЛПК аб аднаразовым падатку і пячатках, датаваныя снежнем 1862 года, адозва-абвестка пад гучным тытулам «Каралеўства паўстала» з датай 15 студзеня 1863 года. Меўся тут і маніфест Часовага ўрада Літвы і Беларусі ад 1 лютага 1863 года. («Беларусі? - хмыкнуў аканом. - Усё ж дапялі свайго...») Выдабыў нават цыркуляр супраць дэзінфарматараў, датаваны лютым 1863 года.
Ад боязі, што можа раптам вярнуцца жонка, Урбановіч стаў закладваць паперкі назад у кнігі. Рукі трэсліся, паперыны рассыпаліся, і аканом пераблытаў, куды якую ўкладваць. Вось стукнулі на ўваходзе дзверы. Ад перапуду, што гэта можа быць Аксана, Урбановіч загроб паперы ў кішэню сурдута, выскачыў з пакоя, замкнуў яго, прайшоў у свой кабінет. Высмыкнуў адну паперыну. Ага, паўстанцкая інструкцыя, датаваная пачаткам сакавіка. Ага: «Кожны камандзір асобнага паўстанцкага атрада, пакуль не звяжацца з ваенным начальнікам ваяводства, з'яўляецца неабмежаваным уладаром мясцовасці, якую ён займае, панам жыцця і смерці ўсіх сваіх падуладных...»