Літоўскі воўк | страница 140
Стары Палюховіч зірнуў на Ўрбановіча. Муж таксама меў бясконца здзіўлены выгляд ад прызнання Аксаны.
- Праўда? - перасохлым горлам спытаў «генерал», не зводзячы вачэй з аканома.
- Праўда, праўда, - толькі і адказаў Урбановіч.
- Але ж Польшча кіпіць, там вайна! Мы павінны выступіць!
- Усё ў свой час. Сябе паважайце. Генерала мы яшчэ вам дамо, - больш спакойна сказала Аксана. - Пакуль сядзіце на сваім балоце і чакайце загаду. Зброю мусова прыхаваць у надзейным месцы. Галоўнае, паўтараю, сябе паважайце, а не на Варшаву азірайцеся.
3. Ператрус
- Я... сыграла ролю... - толькі і сказала Аксана, калі яны засталіся сам-насам з мужам. - Ніякай арганізацыі няма. Я толькі чула, што ёсць паўстанцкі камітэт па Менскай губерні.
- Ад каго, душачка, чула? - Аканом ледзь-ледзь прыходзіў да свайго звычайнага, спакойнага і разважлівага, стану.
- Ад... - Аксана адвяла позірк. - Ад Бароўскіх.
- Ад Бароўскіх? Ад бацькі ці сына?
- Ад сына, - больш упэўнена адказала жонка. - Людовік мне неяк расказаў.
«Ілжэ! - адчуваў аканом. - Калі яна таго Людовіка бачыла?! Людовік у Пінску, заканчвае гімназію. Калі ён прыязджаў дахаты? Цяпер, па раскіслых дарогах, не наездзішся...»
Вечарам таго ж дня аканом Манкевіцкай узорнай гаспадаркі пан Ежы Ўрбановіч, скарыстаўшыся тым, што жонка паехала за Гарынь да пані Цэцылі, зрабіў найпільнейшы вобыск у пакоі ўласнай жонкі. Тое, што жонка схлусіла, калі гаварыла пра Людовіка, ён не сумняваўся. Гэта надавала імпэту ў пошуках крыміналу.
«А што магло быць крыміналам? - задаваўся думкай аканом, перамацваючы пярыны, зазіраючы пад ложак і сталы. - Ну, няхай будуць дакументы паўстанцкай арганізацыі, рознага роду падбухторніцкія ўлёткі, лісты з тайнапісам, але ж толькі не... не лісты жанчыны, закаханай у невядомага...»
Калі б аканом знайшоў такі ліст, ён тады б... Не, Урбановіч не ведаў нават, што з ім зрабілася б, каб такі ліст трапіў яму ў рукі. Перад вачамі паўставаў Артур Буевіч у паўстанцкай адзежы, з шабляй, прыгожы, плячысты, самаўпэўнены... Няўжо яна нешта мае да гэтага няўдакі, які так захапіўся паўстаннем, што прагарэў на самым пачатку?
Чым болей аканом шнарыў у паперах жонкі, тым болей яму рабілася зразумелым, што ён нічога не знойдзе. Уся пошта праходзіла праз ягоныя рукі. Калі хто і мог прыносіць жонцы лісты ці цыдулкі - гэта была Ганна. Стары хаўрус. А то яшчэ і Мондрык з імі, жанчынамі, у змове. Як злавіць, як праверыць?
«Але ж я нічога не знайшоў! - дакараў сябе аканом. - Дзеля чаго я падазраю ўласную кабету? Чым яна ўгнявіла мяне? Увярэдзіла змыслы той першай дурнотнай цыдулкай...»