Літоўскі воўк | страница 139
Палюховіч з'явіўся ў афіцыне, поўны фанабэрыі. У нашмараваных ботах, пры шаблі, з вусамі, якія ваяўніча тырчэлі ў бакі.
«Гэтага супыніць нядорага будзе каштаваць, - прыкінуў аканом. - Даведаюся, адкуль у іх вайсковая зброя, прыпужну. Ці не Буевічавага Артура гэта рук справа... Ну не сядзіць жа ён склаўшы рукі...»
Але Ўрбановіч і слова не паспеў сказаць.
- Хто вам даў права выступаць? - зусім нечакана накінулася Аксана на новаспечанага генерала. - Якія вашы паўнамоцтвы? Хто ваш вышэйпастаўлены кіраўнік?
Палюховіч ашалела глядзеў на Аксану.
- Пакажыце мне мандат, які вам дае права рабіць рэквізіцыі і збіраць складкі?
- Мы самі далі сабе такое права!
- Хто вас выбіраў? Якую паўстанцкую арганізацыю вы прадстаўляеце?
- Ды мы ж... Прыстава арыштавалі... Мы - за Польшчу! - спрабаваў апраўдвацца Палюховіч. Такога ён не чакаў. Жанчына, ды яшчэ жонка Ўрбановіча, ды яшчэ такімі страшнымі рэвалюцыйнымі словамі сыпле: мандат, арганізацыя...
- Вы - банда нягоднікаў. Вашыя нясвоечасовыя дзеянні прывядуць да краху справу вызвалення краю ад Масковіі!
Зняможаны такім палкім наступам, Лявон Палюховіч апусціўся ў фатэль, стаў апраўдвацца:
- Мы - не, мы - не так. У нас ёсць звесткі... Мы... Слухайце, я не майстар гуляць у канспірацыі...
- ...Апантанасці проціпаставіць арганізацыю! - давала ў косці Аксана старому няўрымсніку.
- ...Не ахвотнік я, выбачайце, па начох насіць плашчы і кінжалы. Я вашых раманаў не чытаў. - Палюховіч крыху ачомаўся, прыходзіў у сябе. - Вы паклічце майго сына Едруся. Ён вам усё чыста раскажа.
Паклікалі Едруся. З'явіўся высокі, худы, з белым, як крэйда, тварам юнак.
- Пачатак паўстання на Літве аб'яўлены на канец красавіка, - няўпэўнены, што тут, у эканоміі пана Ўрбановіча, ды яшчэ перад ягонай жонкай, можна агучваць падобныя навіны, - сказаў ён.
- Кім аб'яўлены? - строга спыталася Аксана.
Аканом нават залюбаваўся жонкай.
- Віленскім аддзелам, які кіруе правінцыямі ўсёй Літвы...
- А мы ў якой губерні жывём? У Менскай?! - гнеўна бліснула вачамі Аксана. - Вам ясна?
- Не! - сурова прамовіў юнак. - Я толькі што з Варшавы. На свае вочы бачыў лясныя равы, у якіх з-пад снегу відаць трупы маскалёў у абдымку з трупамі паўстанцаў. Вы жанчына і...
- Перастаньце... Што з таго, што я жанчына. Вы збіраецеся палохаць мяне трупамі? - збялелымі вуснамі праказала Аксана. - Ад імя камісара Менскага паўстанцкага камітэта патрабую тэрмінова спыніць усялякія несвоечасовыя дзеянні, распусціць атрад да наступных загадаў. Цяпер вам ясна? Вы прыехалі на ўсё гатовенькае і хочаце камандаваць?