Літоўскі воўк | страница 138



З гэтага дня Ясь і Інсургент зрабіліся неразлучнымі таварышамі. Воўк не пакідаў свайго новага гаспадара ні на хвіліну, а Ясь плаціў адпаведна - клапаціўся пра ваўчыны спажытак, а таксама не даваў ваўка ў крыўду. Усё ж не сабака - лясны звер.


2. Пра пачуццё самапавагі


У сярэдзіне красавіка ў мястэчку з'явіўся невялікі конны атрад шляхты, узброенай да зубоў. Уся шляхта належала да роду Палюховічаў. Мелі зямлю, адрэзаную балотамі, добра не ведалі, што дзеецца на свеце, а як пачулі, што Варшава паўстала, перабраліся на дарогі, гойсалі па лясах. Шаблі і пістонаўкі, якімі былі ўзброены, неўзабаве дапоўніліся расейскімі карабінамі вайсковага ўзору. Вядома, адкуль яны ўзяліся. Здавалася, усё ішло да таго, каб падбухторанае тутэйшае жыхарства паўстала супраць цара, але менавіта гэтыя карабіны ў руках Палюховічаў чамусьці гасілі ўсялякі бунтарскі дух.

Палюховічы першым чынам пабілі прыстава. Ледзь жывога адпусцілі яго, і ён знік невядома куды. Мяцежнікі конна галёкалі па местачковых вуліцах, ажно ляцела з-пад конскіх капытоў гразь, разбілі пошту, папалілі павятовыя паперы. Людзі пераказвалі, што на той пошце завалодалі немалымі грашыма, але гэта былі толькі чуткі.

На чале паўстанцкай збродні стаяў Лявон Палюховіч. Ён меў свае разрахункі, як ён казаў, з Расеяй-матухнай. Лявон назваў сябе генералам паўстанцкага войска і аб'явіў запіс у шэрагі паўстанцаў. Запісаць мала каго запісаў, але тым не меней атрад Палюховіча маршыраваў па мястэчку, спяваў патрыятычныя польскія песні, вербаваў новых прыхільнікаў. І вось што дзівіла - чамусьці прыхільнікаў гэтых было няшмат. Тыя, хто і прыходзілі, - лабары-няўдакі, вольныя, гэта значыць дзяржаўныя, сяляне, аматары гуртаўшчыны і зборні з беззямельнай шляхты, якім было ўсё роўна, дзе быць і што рабіць, - не мелі ніякай зброі і добра не разумелі, што дзеецца. «Генерал» жартам паабяцаў адразу вядро гарэлкі таму, хто ўступіць у ягоны атрад. Гэтым прывабіў усіх местачковых лайдакоў і аматараў выпіць нашармачка. Далучыліся да табару паўстанцаў і жабракі са сваімі торбамі. Іх упарта праганялі, але нябогі гэтак жа ўпарта далучаліся да гурмаў людзей, ці то ўзброеных, ці то не.

Аканом Урбановіч ужо радаваўся таму, што яго не чапаюць. Потым асмеліўся зрабіць захады, каб хоць неяк утаймаваць стыхію. Напачатку запрасіў да сябе самога «генерала» Лявона Палюховіча. Пагаварыць, патлумачыцца, магчыма, супакоіць старога няўрымсніка, у якога пад старасць засвярбела спіна па бізуну. Калі што, нават грошы паабяцаць. З галавы не выходзіла прапанова кракаўскіх купцоў палкоўніку Лангевічу. Праўда, даходзілі чуткі, што ў Лангевіча ўжо каля пяці тысяч войска. І ўсе добра ўзброеныя, бо паспелі набраць ружжаў у пабітых расейскіх ваякаў.