Літоўскі воўк | страница 133



Аднаго разу да Ўрбановічаў прыйшоў Бароўскі са свежымі навінамі - атрымаў з Варшавы ліст. У лісце паведамлялася, што вуліцы польскай сталіцы вартуюць падвойныя казацкія патрулі, у горадзе поўна паліцыі, жандармерыі. Начамі ў Аляксандраўскай цытадэлі чутны стрэлы. Усе варшавяне гуляюць у нейкі фантастычны маскарад дзеля канспірацыі: прыклейваюць бароды і вусы, носяць тэатральныя парыкі. Кожны малады чалавек лічыць за гонар мець у кішэні цывільнага палітона рэвальвер або схаваны пад камізэлькай стылет. І гэтая мера перасцярогі не лішняя - людзі знікаюць без следу.

- Гэта ў Варшаве, а правінцыя што? - папрасіў удакладнення Ўрбановіч.

- У мястэчках і весях аб'яўляюць мясцовыя жонды, - адказаў Бароўскі. У ягоным голасе гучэў намёк, маўляў, і мы нешта павінны рабіць, а не сядзець склаўшы рукі.

Аксана з прагнасцю слухала Бароўскага. Вочы яе гарэлі, рыхтык яна была гатова бегчы на дапамогу аднадумцам. Яна ледзь не страціла прытомнасць, калі даведалася, што часам і паўстанцы робяць палонным маскалям «чырвоныя боты».

- Гэта як? - пацікавілася Аксана.

Бароўскі маўчаў, не адважваўся патлумачыць, зірнуў на аканома. Урбановіч хутчэй здагадаўся, чым ведаў, што ж ёсць такое - «чырвоныя боты».

Узяў і сказаў:

- А гэта, душачка, калі скуру з ног здзіраюць. Гэта і ёсць «чырвоныя боты».

У тым жа лісце паведамлялася, што быццам да палкоўніка Мар'яна Лангевіча, камандзіра буйнога паўстанцкага атрада, які атабарыўся ў Сандамірскіх лясах, прыехалі кракаўскія багацеі гандляры. Яны прапанавалі палкоўніку шалёныя грошы, каб той распусціў сваё войска. Былы афіцэр прускай артылерыі, былы выкладчык вайсковай польскай школы ў Генуі выгнаў таўстасумаў.

- Ведаеце, што ён сказаў? - прыцішана расказваў Бароўскі. - «Я радзімай не гандлюю».

У дзверы вітальні, дзе сядзелі, нешта зашкраблося. Аксана паднялася, прачыніла дзверы. У вітальню ўлез Інсургент, уюном закруціўся ў Аксаніных нагах.

Незадаволены аканом выйшаў у чалядню, пачуўся яго строгі голас:

- Хто пусціў пса ў дом?!

Не дабіўся прызнання, вярнуўся. Па рашучым настроі Аксана здагадалася, што аканом збіраецца вытурыць маладога ваўка прэч. Яна ўмольна зірнула на мужа. Той развёў рукамі, сеў у фатэль, паказаў на Інсургента:

- У яго морда ў крыві, глядзі, Аксана, не вымажся. Зноў некага прыдушыў...

Аксана прымусіла ваўка сядзець. Бароўскі дастаў з кішэні газетку.

- Вось з Прусіі жыды знаёмыя давезлі. І ведаеце, што ў ёй пішацца? Так, дзе гэта, ага... Прускі старшыня Рады міністраў, міністр замежных спраў Ота фон Бісмарк у размове з ангельскім амбасадарам Баханэнам заявіў наступнае: «Прусія ніколі не пацерпіць незалежнай Польшчы. Калі палякам нават і ўдасца выгнаць расейцаў, тады Прусія зробіць усё залежнае ад яе, каб спыніць узнікненне варожай нам дзяржавы...»