Літоўскі воўк | страница 132



Жыды, якія ездзілі з гандлем да Гдыні, расказвалі, што на ўласныя вочы бачылі мерцвякоў, павешаных на тэлеграфных слупах. Відаць, у Польшчы паўстанне ішло поўным ходам. У доказ сваіх словаў гандляры паказвалі абарваную пашарпаную паперку з польскім арлом, у якой было дакляравана ўцякаць з Варшавы адзінкамі або партыямі, ісці ў бліжэйшыя пушчы і там чакаць наступных загадаў.

Неўзабаве тыя ж гандляры прывязлі і сталі паказваць па мястэчку друкаваны адбітак маніфеста, датаваны 22 студзенем. У ім народы Польшчы, Літвы і Ўкраіны заклікаліся да астатняй бітвы «эўрапейскай цывілізацыі з варварствам Азіі», увесь абшар ад Балтыкі да Чорнага мора паўстанчым урадам абвяшчаўся ў стане вайны, нацыянальнай інсурэкцыі. Акрамя закліку да зброі было абвешчана пра самавызваленне сялян і магчымасць атрымання імі праз рэвалюцыйны ўрад зямлі.

Аканому Ўрбановічу паказаў гэты адбітак з пячаткай арла і Пагоні прыстаў. Ведаў, што за падобны паказ можа атрымаць пачастунак. І не памыліўся. Мала таго, Урбановіч папрасіў прыстава аддаць яму гэты адбітак. Вусаціха насцярожыўся.

- Я заплачу вам за гэты дакумент пяць рублёў, - прашаптаў Урбановіч.

- А... Навошта васпану? - здзівіўся прыстаў.

- Мне? Я спалю яго на вашых вачах.

- Ну што вы, - стаў аднеквацца прыстаў. - Пяць рублёў за гурбачку попелу вялікія грошы. Хопіць і рубля.

Але грошы ўзяў. Прыставу нават было ўсё роўна, ці спаліць аканом паперку з маніфестам, ці не. Прыстаў не сумняваўся, што хутка гэтых друкаваных маніфестаў навязуць з захаду тысячы.

Аканом спаліў паперку і нават расцёр пальцамі попел - каб не засталося і знаку. Ён і ў страшным сне не мог сасніць, як сяляне кінуцца захопліваць найлепшыя землі Манкевіцкай эканоміі. Зрэшты, уявіць гэтае лёгка. Цяжка жыць з такой візіяй.

Што з таго, што палякі паўцякалі ў лясы і распачалі сапраўдную партызанскую, на чэркескі манер, вайну супраць царскіх войскаў? Нават няхай Эўропа дапаможа ім. Але што будзе тут, на балотах Палесся? Над краем завісла падманлівая цішыня, якая прарочыла шмат падзей. Ведаў манкевіцкі аканом, што ёсць даволі гарачых галоваў і сярод тутэйшай шляхты, асабліва сярод маладых. Не хапае толькі іскрынкі, лёгенькага штуршка, каб падняліся і тут бура і навальніца.


5. Апошняя кропля


Інсургенту было ўтульна ў сваёй будачцы, не мёрз, бо гэтая зіма стаяла адліжна-цёплая. На вуліцы, на свежасці аброс чарнавата-шэрай густой поўсцю і толькі цяпер вырабіўся на сапраўднага ваўка. Паджары, нават худзезны, з хвастом, вечна заціснутым паміж нагамі, адным толькі выглядам пужаў гасцей, якія часам завітвалі да аканома. Але асаблівых клопатаў з ім не было - хіба што належала своечасова карміць, каб не ўлез куды і не атрымаў кала ў рэбры.