Літоўскі воўк | страница 134



- Ого, - усклікнуў Урбановіч. - Гэта сур'ёзная заява.

- Гэта яшчэ не ўсё, - дадаў Бароўскі. - Слухайце: «Пытанне польскага паўстання для Прусіі ёсць пытаннем жыцця ці смерці...»

- Тут пахне вялікай эўрапейскай вайной, панове, - шматзначна заявіў аканом і крадком глянуў на Аксану.

Жончын твар быў нібы скамянелы.

- Тут яшчэ вынікі галасавання ў прускім сейме за Канвенцыю супраць паўстання ў Польскім Каралеўстве. За выступілі 246 дэпутатаў, супраць - усяго 57.

- Вось прусакі! - роблена ўсклікнуў Урбановіч.

Нечакана знадвору пачуліся шумны вокліч і божканне Ганны. Аксана выйшла.

- Марата нехта задушыў, - паведаміла Ганна.

Марат быў самым вялікім, яшчэ і не надта каб старым хартом. Ганна завяла пані ў ружоўнік, у аранжарэю. Сярод абламаных ружаў, што сведчылі пра зацятую бойку, ляжаў яшчэ не адубянелы хорт. Галава яго была ненатуральна завернута набок. Па ўсім было відаць, што сабака задушаны. Аксана ўспомніла пра кроў на мордзе Інсургента.

- Скажам, што здох сам па сабе, ад старасці, - сказала яна Ганне. - Іначай муж загадае застрэліць Інсургента.

- Марат тут грэўся, у аранжарэі... - захліпала Ганна. - А гэты смярдзюх пракраўся і...

Паведамілі аканому. Цукровы, рафінаваны твар аканома перасмыкнула. Ён хацеў ласкі ад жанчыны, якая апекавала звера, гладзіла яго і песціла. Ласкі і іншыя ўцехі гэтай жанчыны мусілі належаць толькі яму, ейнаму мужу, а не іншаму чалавеку ці нават зверу.

Пан Урбановіч спакойна, вельмі спакойна, без ценю раздражнення распарадзіўся харта закапаць на сабачых могілках, а Інсургента пасадзіць на ланцуг да вырашэння ягонага лёсу.

Уночы малады воўк вылузнуўся з нашыйніка і збег з эканоміі.


6. Спляжаныя спадзяванні


Неўзабаве пасля знікнення Інсургента, ужо зусім напрадвесні, у Манкевічах з'явіліся невядомыя маладыя людзі, адзетыя па-гарадскому - у доўгіх чорных сурдутах і шэрых нагавіцах, у кароткіх футрах. З-пад нізкіх капелюшоў з цёмнага сукна пазіралі запалыя вочы. Выраз хваравітай летуценнасці на тварах выдаваў у іх прафесійных падбухторшчыкаў. З кайстраў тырчэла рознага роду літаратура. Вялікага поспеху аратары не мелі - з некаторых вёсак сяляне пагналі іх дубаўём. Яны зніклі нечакана, як і з'явіліся, пакінуўшы пасля сябе друкарскія адбіткі з пратэрмінаванымі, рознага роду пракламацыямі, адозвамі і маніфестамі.

Не прамінулі яны і Манкевіцкую эканомію. Прасілі грошай, і пан Урбановіч, нават не спытаўшы мандат, які даваў права на збіранне сродкаў, адкупіўся невялікай сумай. Госці ад удзячнасці расказалі пра студзеньскія баі пад Брэст-Літоўскам, як партыя Рамана Рагінскага авалодала Пружанай. На пытанне, дзе цяпер Рагінскі і ягоныя прыхільнікі, прыхадні адказаць не змаглі ці не захацелі.