Літоўскі воўк | страница 131
Ён дужэў з дня ў дзень, шыя таўсцела, праз рудавата-чорную шчанюковую поўсць бралася расці шэрае воўчае адзенне. І што было цікавым - ваўчук пазнаваў і адрозніваў людзей. Асабліва любіў, відаць, памятаў, Цэцыліных дзяўчат. Калі яны з'яўляліся ў маёнтку, па старой звычцы падскокваў да іх на рукі, лізаў, цалаваў твар - гэтак вітаўся. Хоць то было не зусім прыемна, бо ад Інсургента смярдзела немаведама чым, падбіраў на сметніку недаедкі, але дзяўчаты аж млелі ад такіх пяшчотаў. Любіў Інсургент і Аксану, а вось Ганну, пана аканома і Мондрыка не тое што недалюбліваў, неяк не паважаў. Лашчыцца падпускаў толькі Аксану, ад аканома адскокваў, як дзікі. Мондрыка на дух не пераносіў. Як бачыў, даваў лататы.
Было з ім клопату. Увесь час Ганна толькі і пільнавала, каб не ўлез у дом, не прашмыгнуў на кухню, дзе еў усё ядомае: крупы, муку, не кажучы пра мяса, рыбу ці яйкі. Калі дападаў да мяса, хапаў за цэлае сцягно і спрабаваў валачы. За што, зразумела, атрымліваў лупцоўку. На спіне ў яго нават выраслі гузакі, рыхтык мазалі. Але ніколі пры лупцоўцы не агрызаўся, адчуваў за сабой віну. Кеміў нешта.
4. Пачатак буры
Час ішоў, прайшла восень, адсвяткавалі Каляды, Раздво, Хрышчэнне, і тут пачалі даходзіць страшныя весткі. Адна страшней другой.
Тыя, хто чытаў газеты ці меў сустрэчы з рэдкімі праезджымі з Варшавы, расказвалі, што ў Польшчы абвесцілі рэкруцкі набор, каб апрануць у шэрыя салдацкія шынялі найбольш рэвалюцыйную польскую моладзь. Бралі да войска тых, каго падазравалі ў змове. Моладзь тысячамі ўцякала ў лес. Аднекуль у іх з'явілася зброя, і яны ўваходзілі ў мястэчкі, здзіралі двухгаловыя расейскія арлы і на іх месца прыбівалі шыльды з белым польскім арлом разам з Пагоняй і ўкраінскім архангелам Міхаілам.
Тут, у аддаленым ад сталіц краі, было ціха, мірна, спакойна, і не верылася, што ўсяго некалькі месяцаў назад знайшліся падбухторшчыкі, якія мітрэнжылі людзей, падбівалі на працівенства ўладам. З Менска пісалі, што чыгунка запруджана войскамі, па шляхах этапамі ідуць кавалерыйскія запасныя палкі, казацкія сотні, цягнуць на Польшчу палявую артылерыю, тысячамі ідуць рэзервовыя пехацінцы. У менскіх і адпаведна ва ўсіх губернскіх касцёлах у званы не б'юць і арганы не граюць - у знак нацыянальнай жалобы.
Прайшло яшчэ некалькі тыдняў. Ужо даходзілі чуткі, што ў Польшчы сапраўдная вайна, карныя маскоўскія роты люта распраўляюцца з паўстанцамі. Эўропа салідарызуецца з польскім народам, і Францыя збірае войскі, каб дапамагчы палякам ваяваць супраць расейскага ўзурпатара.