Літоўскі воўк | страница 129
- Дурань! Аднаго трэба хапаць, а не адразу дваіх, - сказала Аксана.
Падумала яшчэ, што з ваўчуком належала нешта рабіць. Расце драпежнік, звер. У лес выпусціць, ці што?
2. На свабодзе
Інсургент вываліўся з акна і ўпершыню па ўласнай волі апынуўся на свежым і гэткім зманлівым паветры. Адзін. Раней ён туліўся да Аксаніных ці Мондрыкавых ног, баяўся кроку ступіць. Малы быў, зусім малы. А цяпер ён шмат чаго разумее, вопыту прыбавілася, сілаў.
Акно з Аксанінай спальні выходзіла ў агародчык, на вялікую клумбу з купамі восеньскіх кветак, кустамі дагледжаных ружаў. Ваўчук, як толькі падняўся на лапы, удыхнуў паветра. П'янкі водар кветніку ўскружыў галаву. І колькі іншых пахаў - і кожны пах - новы! Гудуць пчолы, недзе людзі гавораць, недзе на кухні бразгаюць посудам, стукаюць нажамі.
Першым чынам Інсургент абнюхаў ружу, накалоўся носам на шып, але ўсё ж яму захацелася пакаштаваць яе пялёсткаў. Выцягнуў з пупіха пук пялёсткаў і смачна счвякаў. Нічога вартага, так сабе. Вунь слімак рожкі наставіў. Ваўчаня лізнула ягоную хатку. Рожкі схаваліся. Падабраў слімака языком, хрумснуў, пакалоўся, выплюнуў, паварочаў лапай раздушанага слімака. Зноў ухапіў у пашчу, паспрабаваў расціснуць. Не, колецца. Зноў пакратаў лапай. Кінуць? Прыхаваць да наступнага разу, калі будзе галодны? Прыбіў лапай, пайшоў далей.
Сонца бліскучае і цёплае. Паветра, як бальсан, лёгкае і такое смачнае. І колькі пахаў! Ён і не падазраваў, што на свеце ёсць неабсяжная прастора, запоўненая тысячамі пахаў. Кожны мае свой настрой, нясе пагрозу, папярэджанне, напамін пра спажыву.
А гэта што за істота з дзіўным хвастом-веерам? Як падкрасціся ды ўхапіць за нагу? Здабыча! Схавацца, падкрасціся як мага бліжэй, а потым атакаваць.
Ваўчаня не разлічыла сілы. Калі падабралася да індычкі, якая прагульвалася каля агародчыка, падскочыла да яе і цапнула за лапу, індычка так дзюбанула ў лоб беднаму Інсургенту, што ў таго аж пацямнела ўваччу. Ён завішчаў, але лапы з пашчы не выпусціў. Індычка залапатала крыллем, пранізліва закрычала, пачала дзяўбці і драпаць свабоднай нагой нахабніка, каб вызваліцца.
Загаманілі, закрычалі людзі. Нехта з дворні свіснуў сабак. З'явіліся харты. Унюшкавалі ваўчаня, наляцелі, пагналі. Завішчаў ад страху, прытуліў хвост між нагамі, забіўся пад куст ружы. Хорт усунуў доўгую пашчу-шчыпец у куст, хацеў ухапіць ікламі, але Інсургент раз'ятрана ашчэрыўся, загірчэў, гатовы біцца. Хорт паспрабаваў ухапіць ваўчука вузкім шчыпцом, i ўхапіў бы, каб не Мондрык. Адагнаў хартоў, ухапіў ваўчаня за загрывак, аднёс да Аксаны. У гэты час у спальню ўскочыў разгневаны пан аканом. Яму далажылі, што пакусаная індычка кульгае. Ён хмурыўся, заікаўся, дакараў Аксану, прасіў, каб была больш асцярожная.