Літоўскі воўк | страница 128



Аксана выпусціла Інсургента на падлогу, стала сачыць, што будзе далей. Пэўна, ён і раней слухаў галубоў, але праз шыбы не праходзілі ясныя, выразныя гукі буркатання.

Інсургент замёр на тым месцы, на якое яго паставілі. Не варушыўся, здавалася, не дыхаў. Быццам ператварыўся ў нежывы прадмет. Аксана міжволі залюбавалася ім. Ваўчук падрос за апошні час, ведама, гэтак карміць. Вочкі яго пільна сачылі за падаконнем. Не бачыў галубоў, але чуў іхняе буркатанне. Ведаў, каму належала песня. Скеміў, што з падлогі галубоў не дастане - уцякуць.

Ваўчаня глянула на Аксану, і ў вачах яго прачыталася просьба, маўляў, ты толькі мне не перашкаджай. Вось ваўчук ціхенька павярнуўся, пайшоў прэч паўз сцяну, завярнуў пад ложак і стаў паўзці да акна, прыпадаючы да плінтуса. Галубы не бачылі небяспекі, не чулі - буркаталі сабе.

«Ну, драпежнік, - падумала Аксана. - Адкуль у яго гэта? Хто навучыў... На вуліцу не выпусціць, баіцца...»

Напраўду, ваўчук страшэнна баяўся вуліцы, дрыжэў, калі Мондрык выносіў на падворак. А калі чуў віскатлівы брэх хартоў, проста абміраў. Мондрык тады казаў, што з ваўчаняці нічога не будзе. Маўляў, запалоханы насмерць, бо пабываў у сабачых зубах.

Аканом тлумачыў паводзіны ваўчука інакш. Казаў, што звер ёсць звер і ўспрымае дом, пакой Аксаны як сховішча, нару. Усе ваўчукі з нары да пары да часу баяцца вылазіць.

Тым часам Інсургент падпоўз да падаконня. Аксану забрала цікавасць: што далей? Далей належала разганяцца, каб скочыць на акно. Але калі разганяцца, значыць, паказваць сябе птушкам. Ваўчук пасядзеў пад акном, пакруціў галавой і раптам папоўз назад, па-змоўніцку пазіркваючы на Аксану, абышоў ложак, занурыўся галавой пад звіслы край капы і стаў спрабаваць падлезці пад яе.

«Ах, які разумнік!» - здзівілася Аксана. Ваўчук не мог сам узлезці на ложак пад капу, таму вызірнуў, умольна глянуў на Аксану, маўляў, падсадзі, чаго стаіш, мы ж з табой у адным хаўрусе?! Аксана ціхенька, каб не спудзіць галубоў, падсадзіла Інсургента на ложак. Той падлез пад капу і стаў марудна падпаўзаць да падаконня пад капай. Вось і ўзгаловак. Тут ваўчук стаў кешкацца, каб заняць зручную для нападу пазіцыю. Паміж галубамі і ім заставалася толькі фіранка ў дзірачках, край якой час ад часу варушыў ветрык. Чакаць доўга не прыйшлося. Скокнуў! Галубы лапатнулі крыламі і зніклі. Ваўчаня не ўтрымалася і вывалілася з пакоя.

Аксана вызірнула. Інсургент адплёўваўся ад пер'я. Усё ж у ягонай пашчы пабывала галубовае крыло ці хвост.