Літоўскі воўк | страница 127



- Няможна біць, належыць толькі словам, ласкай... - сказала Ганне Аксана, ашчаперыла Інсургента за карак, пачала тыцкаць у пер'е.

- Во табе, во... Няможна чапаць падушкі, няможна...

Ваўчук упіраўся лапамі, гырчэў, урэшце паспрабаваў агрызнуцца. Як толькі Аксана выпусціла звера, ён з месца рвануў і не каб сігануць пад ложак, але напаследак даў нырца ў гурбу пер'я, якое так цудоўна пахла дзічынай. Выгляд меў ваўчук такі: маўляў, біце мяне, трасіце за шкірку, таўчыце, а я жыць не магу без гэтага пер'я.

- Звяруга, ён толькі дрын і разумее, - з уздыхам сказала Ганна, падступаючыся да ваўчаняці. - Зараз я адперу яго венікам, будзе ведаць. Дзесятаму закажа.

- Ты паглядзі, чаранок веніка таўсцейшы за ягоную шыйку, як можна яго біць?

- Усё роўна даць лупня трэ, - сказала Ганна і паспрабавала дастаць ваўчука венікам з-пад ложка.

Той люнуў з-пад ложка пад стол, ды так спрытна, што Ганна не паспела выцяць нягодніка.

На валтузню з'явіўся Ўрбановіч. Ён выслухаў, што да чаго, і важна, і ў той жа час ціха, нягучным голасам сказаў:

- Памыслім катэгорыямі гэтага стварэння. Ён бачыць у падушцы здабычу. Біць яго напраўду нельга. Катам, каб не дралі шпалераў, ставяць часалку для кіпцюроў, шчанюку ваўка, які вырас не ў лесе, а ў пакоі, варта даць мажлівіну выявіцца ягонай паляўнічай жарсці.

Пан аканом выйшаў і неўзабаве прынёс сваю старую паляўнічую кайстру, пашытую з барсуковых выпаўзкаў - хваста, адрэзкаў скуры на лапах. Першыя хвіліны Інсургент, нюхнуўшы кайстру, спалохаўся, настыбурчыўся, некаторы час хадзіў вакол яе, потым атакаваў тую кайстру, як жывую істоту, ухапіў у зубы, пачаў з заядлым гірчэннем трыбушыць.

- Бачыце, вось яму і занятак, - сказаў аканом.

Дзяўчаты запляскалі ў ладкі. Урбановіч толькі пасмейваўся, хоць у галаве важка і няхораша круцілася: «Былі б дзеткі...» Яму і сны нехарошыя сніліся: быццам ён падкрадваецца да жончынага пакоя, каб падгледзець, што яна робіць. Аксана сядзіць і прыкладае да грудзей гэтага ваўчука - корміць. Нехарошыя сніў сны, нядобрыя.


РАЗДЗЕЛ XII. Звярынае і людскае


1. Абуджэнне паляўнічага азарту


Паляўнічай кайстры Інсургенту хапіла ненадоўга. Ён шкалупаў яе зубамі, валачыў па падлозе, адкідваў, наскокваў на яе, як на жывую істоту. Стаміўшыся, клаў кайстру паміж пярэдніх лапаў, лізаў, заплюшчваў вочы і нюхаў, немаведама што ўяўляючы. Але кайстра ляжала нежывым шматам. Інстынкт патрабаваў жывой, рухомай здабычы.

Яшчэ на пачатку лета на падаконне да Аксаны прыляталі голуб і галубка. Яны грэліся пад промнямі ласкавага сонейка, буркаталі песні кахання. Потым на нейкі час зніклі, бо, пэўна, выводзілі дзетак. Аксана любіла чытаць, седзячы пры акне, пад паэтычнае буркатанне закаханых галубоў. Гэтулькі спадзяванняў будзілі шызыя птушкі, іхныя замілаваныя галасы. Пад восень, калі залатое сонейка рыхтык у апошні раз шчодра лашчыла зямлю цёплымі, пяшчотнымі промнямі, птушкі з'явіліся зноў. Гэтым днём, па-летняму гарачым, акно было расчынена. Ваўчук наструніў вушы на незнаёмы гук, зірнуў на акно, убачыў птушак і... Іншае на свеце для яго перастала існаваць, акрамя гэтых двух галубоў. Аксана ўзяла ваўчаня на рукі, але яно ўпарта глядзела на птушак. Вачэй не спускала. Як зачараванае.