Літоўскі воўк | страница 126
6. Ваўчаня расце
Дні ішлі за днямі, пра Артура Буевіча не было ніякіх звестак. Аксана цалкам аддалася выхаванню свайго пестунка - Інсургента. Ваўчаня з цельпукаватага цурбалка ператварылася ў даўгалапага свавольніка. Першым «подзвігам» ваўчаняці было тое, што ён разадраў, як кажуць, у пух і пер'е, падушку. Карціна выклікала і гнеў, і адначасова замілаванне: Аксана выйшла з пакоя, а як вярнулася, то ўбачыла, што Інсургент сцягнуў падушку на падлогу, разарваў зубамі наўлечку, занурыўся галавой у пер'е, зачмыхаў, засоп. Пэўна, пер'е здавалася яму здабычай. Ён гірчэў, забіваў пер'ем пашчу, кашляў, пырхаў і з раз'ятраным выглядам шукаў сярод пер'я ці то мыш, ці то птушку. Адабраць у яго разарваную наўлечку з парэшткамі пер'я было немагчыма - гірчэў і спрабаваў укусіць. Калі Аксана адпускала наўлечку, Інсургент клаўся на яе жыватом і выдаваў сваім выглядам найвялікшае задавальненне і шчасце.
Потым, як нацешыўся, падвалок наўлечку да ног сваёй гаспадыні, маўляў, на табе, вось я знайшоў здабычу, перамог яе, прынёс табе. Аксана ўзяла ваўчука за шкірку, доўга трэсла, выгаворваючы, што так рабіць нельга, потым шпурнула на кажух. Ваўчаня нічога не разумела, выглядала пакрыўджаным, схавалася пад крысо кажуха і баязліва адтуль пазірала.
Аксана клікнула Ганну, замянілі падраны напернік на новы, сталі збіраць пер'е. Ваўчаня падышло да Аксаны, прыткнулася да нагі, але Аксана адштурхнула яго.
- Ідзі, раздуронец, ці можна ж падушкі рваць?!
Прыбралі ў пакоі, выйшлі, каб вынесці пер'е, і тут Аксана абярнулася і ўбачыла, як ваўчук сігануў да ложка. Няўжо навука прайшла дарэмна?!
- Ах ты, няўрымснік! - ускрыкнула Аксана і размахнулася венікам.
Ваўчаня схавалася пад ложак, з вінаватай мордай вызірала адтуль.
- Трэ дабрэй адперыць, - параіла Ганна.
- Не, - сказала Аксана. - Ён думае, што гэта падушка вінаватая, што я трэсла яго за шкірку. Вось і захацеў паквітацца з ёю... Эх ты, - звярнулася яна да ваўчаняці павучальным тонам, рыхтык звер мог яе разумець. - Падушка не вінаватая, пакінь яе ў спакоі.
Яна накрыла пасцель цяжкай капай, і яны з Ганнай выйшлі. Да вечара ваўчаня касілася на Аксану, рабіла пакрыўджаны выгляд, сядзела то на кажусе, то абнюхвала куткі з такім выглядам, быццам ложак яго абсалютна не цікавіў. Інсургент расправіўся з падушкай на другі дзень, калі Аксана завінулася варыць варэнне. Не ўратавалі бедную падушку ні капа, ні коўдра. Паслала Ганну па рэцэпт, а тая раптам падняла крык. Прыбегла Аксана ў пакой, глянула, а ваўчук усё тым займаецца: раздзёр наўлечку, улез у пер'е і сядзіць, задаволены, рыхтык перамог звера. Тут ужо ў ход пайшоў венік. Лупцавала Інсургента Ганна, прычым так моцна, што Аксана адабрала няшчаснае шчанё, узяла на рукі. Ваўчука трэсла, ён так і не зразумеў, за што яго білі.