Літоўскі воўк | страница 125



Зрэшты, надта яна падазрона ўбілася ў гэтыя хваравітыя ідэі волі і незалежнасці. Ці не было тут іншага?! «Эх, пайшлі б дзеткі, - гаротна думаў пан аканом. - Нічога, гэтая істота, - рука аканома беражна прыціснула ваўчука, - на нейкі час паслужыць своеасаблівай заменай...»

Але выйшла па-іншаму. Аксана не абрадавалася падарунку. Нават зморшчылася, калі ўбачыла, што пастаўлены на ногі ваўчук напусціў лужынку.

- Гэта Інсургент, душачка, - сказаў Урбановіч.

- Інсургент?

- Так, Аксанка.

І толькі пасля гэтага слова ўбачыў, як загарэліся цікаўнасцю жончыны вочы, як яна беражна, як дзіцятка, узяла ваўчука на рукі, не гідзячыся, не грэбуючы ім.

«Няхай праяўляе клопат, - задаволена падумаў аканом. - Можа, не будзе гэтых заскокаў пра незалежнасць. Праўда, хто ведае, ці мог Буевіч гэтак нягжэчна знікнуць без развітання?..»

Ваўчаня і насамрэч аказалася чароўнай у сваёй пацешнасці істотай. Не адыходзіла ад чалавека ні на крок, блыталася ў нагах, спаць магло толькі тады, калі яго сагравалі ў руках, на грудзях, бо было нейкім мерзляком. Нават пачалі сумнявацца, ці ваўчаня гэта?!

Інсургент жыў у Аксаніным пакоі на старым кажусе, нанач зашываўся ў рукаў і выстаўляў толькі бліскучы чорны нос. Баязлівы, уздрыгваў ад кожнага новага гуку, баяўся пакінуць Аксанін пакой, палохаўся новых людзей... Але дзень ішоў за днём, ваўчаня спраўна ела, расло, дужэла, рабілася больш жвавым, абнюхвала пакой, стала гуляць з Аксанінымі пантофлямі, потым стала цягаць палавічкі; калі рабілася галодным, голасна паскугольвала. Кармілі яго малаком, давалі кавалачкі сырога мяса.

- Будзеце мяса даваць, - сказаў аднойчы Мондрык, - адгрызе, выбачайце, руку. Не карміце мясам...

Напраўду, калі Інсургент адчуваў пах мяса, пачынаў гырчэць і скаліў зубы. Мяса глытаў не перажоўваючы. Аксана не слухалася Мондрыка, карміла ўсім: і мясам, і яйкі сырыя давала. Няхай хутчэй расце. Хутка восень, а ён такі маленькі. Ягоныя суродзічы, народжаныя і выгадаваныя ў дзікай прыродзе, даўно бегаюць з маці, вучацца паляваць, а гэты з пакоя баіцца выйсці. Вядома - пабываў у сабачых зубах.

Раніцай ваўчук тросся ад холаду, паскавытваў, просячыся ў цяпло. Аксана брала яго да сябе. Потым навучыўся падскокваць, учэпвацца зубамі ў посцілку і залазіць на ложак. Тут, на ложку, ён пачуваўся гаспадаром, адлежваўся, адаграваўся, пачынаў дурэць і сваволіць, усё часцей і часцей хапаць у пашчу Аксаніну руку, ніколькі не шкадуючы, сціскаць зубамі. Даводзілася саштурхваць нягодніка на падлогу. Інсургент зноў ператвараўся ў жаласлівенькага шчанючка, які тоненька прасіўся на рукі. Але як толькі апынаўся на ложку, зноў рабіўся героем.