Літоўскі воўк | страница 124



Дзяўчаты кармілі ваўчука з ражка, клалі яго ў пасцелю, як коціка, разбэсцілі да нясхочу на сваіх пярынах. Пакуль яно, малое і слабое, ледзь цёпалася само, асаблівага клопату з ім не было. Але як толькі стала хадзіць, адразу паказала свой звярыны нораў.

Ваўчаня, яшчэ слаба трымаючыся на лапах, аднойчы ўбачыла коціка, якіх у доме цёткі Цэцылі было, як кажуць, воз і каляска. У ваўчука ў самога ногі запляталіся, але сын ляснога драпежніка цапнуў пашчай тое кацяня за шыю і не адпускаў, пакуль коцік і не задохся. Колькі слёз было праліта! Жаласлівыя Цэцыліхі надумалі пазбыцца ад ліхадзея. А тут акурат пана аканома Бог прыслаў. Паказалі яму ваўчука, сказалі, маўляў, пані Аксана сумуе без дзетак, няхай вось шчанючка гадуе. Абрадаваны адсутнасцю галоўнага інсургента - Артура Буевіча - аканом і сам шукаў якую-небудзь забаву жонцы, каб надта не забірала да галавы паўстанне. Выгляд смешнага галаватага шчанюка зацікавіў і здаволіў і самога пана Ўрбановіча. Аканому не прызналіся, што ваўчаня задушыла коціка. Баяліся, што строгі пан аканом не захоча браць. Шчаня і насамрэч не надта каб выдавала ў сабе нешта ваўчынае, толькі вопытны лесавік мог здагадацца, што з яго можа вырасці адзін з тых лясных шэрых бандзюкоў, які мог навесці жах на ваколіцы. Ды і маленькае яно нейкае было: вочы яшчэ слязіліся, позірк плаваў. І такі ласкавы: не паспеў пан Ежы ўзяць ваўчаня ў рукі, як яно стала шукаць цяпла, ціхенька паскавытвала, лезла ў рукаво.

- Бач ты, цяпла шукае... - сказаў пан Урбановіч. - Толькі вы мяне не падманвайце, што яно рахманае. Зрэшты, Аксане будзе цікавей... Вы далі яму мянушку?

- А як жа, пан Ежы, далі, - адказала адна з Цэцыліх.

Вочы ў яе гарэзліва заблішчалі. Яна зірнула на сястру, каб тая выдумала з лёту што арыгінальнае.

- Мы... Мы назвалі яго Інсургентам! - зразумела позірк сястры тая.

- Хм, - здзівіўся пан Урбановіч і пагладзіў ваўчаня па галоўцы. - Інсургент!

Пан запхнуў падарунак за пазуху, як робяць гэта з шчанюкамі і кацянятамі хлопы, і падаўся дахаты.

Урбановіч меркаваў, што калі ён прынясе ваўчаня Аксане, ды яшчэ за пазухай, яна абрадуецца, перастане сумаваць па маладому Буевічу, завадатару небяспечнай справы, якая азначала вайну і смерць. Здаралася, часам уночы Аксане здавалася, што яе клічуць, што яна патрэбна недзе на нейкім пабаявіску, недзе там, дзе яна мусіць спыняць кроў ад маскалёўскіх куль і багнетных удараў, разрываць сваю сарочку на кавалкі, каб гэтую кроў спыніць. Яна стагнала праз сон, а аканом будзіў яе, паіў валяр'янавымі кроплямі, ласкава выгаворваў, што яна занадта ўзяла да галавы інсурэкцыю.