Літоўскі воўк | страница 121



Аказалася - жандары арыштавалі і некуды павезлі Стасіка. Не дабіўшыся толку ад бацькі з роспытамі, Артур выслухаў Цімоха. Той і расказаў, што пад абед наехалі жандары, прывялі царкоўнага старасту Дзеркача і ягонага сына, якія пасведчылі, што Стасік падбухторваў супраць уладаў, казаў самыя што ні ёсць зневажальныя словы на цара-імператара. Як Стась ні адпіраўся, яго забралі.

- А чаго мэбля паварочана?

- Дык жа вобыск. Жандары кніжкі шукалі. Яны, таго, акуратна, а гэта ваш тата параскідаў усё...

У вачах Цімоха быў і страх, і шкадаванне сваіх гаспадароў. Нават ён разумеў, што над Буевічамі навісла пагроза.

Артур нахмурыўся. Ён ведаў свайго брата і не сумняваўся, што ў самы бліжэйшы час Стасік прызнаецца пра зброю. Хутчэй ехаць на стары млын і перахоўваць скрынку са штуцэрамі. І збіраўся ж гэта зрабіць, нават з'ездзіў туды, але толькі пераканаўся, што ўсё на месцы.

Ускочыў на яшчэ не рассядланага каня і пакіраваўся да гаці, на якой стаяў млын. Яшчэ здалёк заўважыў верхнікаў, якія ад'язджалі ад парэшткаў млына. На падводзе сядзеў унураны чалавек, і Артур без цяжкасцей пазнаў брата.

Першым жаданнем было завярнуць каня і падацца чым хутчэй прэч. Але стрымлівала шкадоба брата, якога вось гэтак недарэчна ўхапілі жандары і цяпер не тое што з гімназіі турнуць - маглі судзіць, як дзяржаўнага злачынцу.

Артур уздыхнуў. Вінаваты, ён адзін кругом вінаваты. Прыехаў сюды, на радзіму, спачатку інкогніта, пад выглядам хатняга настаўніка, скарыстаўшыся тым, што праз знаёмых даведаўся пра планы аканома Ўрбановіча завесці свойскага педагога; выведаў усё тут, настроіў адпаведных людзей. Потым гэты візіт аднадумца, скрынка зброі. І гэтак неасцярожна з хлопцамі.

І гэта ж яшчэ ўхопяць, - а Стасік абавязкова выдасць, - Людовіка Бароўскага і Яся Кавальца. Мо хоць іх папярэдзіць?! Не, яго ўжо заўважылі, вунь, здаецца, сам капітан Фогель прышпорвае свайго жарэбчыка насустрач яму...

І гэтак бяздарна праваліцца на самым пачатку?! Ну, на ўсё воля Божая. Хто ведаў, што па краі гойсаюць гэтыя жандары.

Фогель нацягнуў повад, чамусьці весела закрычаў:

- Ну, што гэта за фантазія ў вашага братачкі?

- А што здарылася, спадар капітан?

- Намерыўся выдаць цэлы арсенал, а насамрэч нічога не аказалася. Пуста, кукіш.

- Хворы ён на галаву, спадар капітан, - сказаў Артур. Слабое спадзяванне, што ўсё неяк абыдзецца, варухнулася ў душы.

- Я ў курсе, што ён натварыў, - працягнуў далей Артур. - Ведаеце, гэтая сучасная моладзь такая няўрымслівая. Начытаюцца рознай дрэні і, маральна нямоцныя, пачынаюць пражэкты будаваць...