Літоўскі воўк | страница 122



- Спадзяюся, што вы, спадар Буевіч, не станеце адмаўляць, што самі і прывозілі ім гэтую дрэнь? З Пецярбурга?

- Аднаго Дарвіна, - адказаў Артур. - Прашу, спадар капітан, вярнуць мне яго.

«Дык дзе ж зброя? - круцілася думка. - Што здарылася...»

Пад'ехала падвода. Стась падняў галаву, крыва пасміхнуўся.

- Ну што, герой, дагуляўся? - спытаўся Артур. - Можа, і мяне генералам паўстанцкім зрабіў?

Фогель саскочыў з сядла, падышоў да Артура.

- Спешцеся, спадар Буевіч. Ёсць размова...


4. «Знік у невядомым напрамку...»


Падвода і з ёю кавалькада верхавых жандараў паехала. Капітан Фогель дачакаўся, калі Артур злезе з каня, дастаў папяроску.

- Будзем начыстату, ці як? - сказаў ён, пускаючы дым убок.

- Можна і начыстату, - згадзіўся Артур.

- Мне тут ворагі, у гэтым краі, не патрэбны, разумееце, пра што я?

- Выдатна, - зноў згадзіўся Буевіч.

- Калі зусім начыстату... - Жандарскі афіцэр зацягнуўся дымам, выпусціў яго і працягнуў: - Я не бачу ў вашай асобе, у вас саміх таго падрыўнога польскага элемента, які ёсць небяспечны вораг расейскага самадзяржаўя, разумееце?!

- Цалкам, - зноў-такі згадзіўся Артур, не падазраючы, куды гэта хіліць Фогель.

- Можна марыць пра ўсё. Можна нават агучваць гэтыя мары, нават і за бяседным сталом, нават і ў прысутнасці ўладных асобаў. З гэтым я згодзен, але...

- Кажыце, спадар афіцэр, прасцей, - перабіў жандара Артур. - Калі хочаце мяне арыштаваць - арыштоўвайце. Калі не хочаце, кажыце, чым абавязаны?

Вочы Фогеля холадна бліснулі.

- Абсалютна нічым! Хачу, каб усе тутэйшыя насельнікі: і вышэйшыя класы, і просты люд жылі ціха і мірна. Ніякіх рухаў, ніякіх варушэнняў... Зразумейце - тут не Польшча. Вы ж гэта самі даказвалі, так?!

- Даказваў, - згадзіўся Артур.

Ён ужо пачаў разумець, што мерыўся рабіць капітан Фогель. Ён проста заплюшчыць вочы. Ну, Стася выключаць з гімназіі. І то на год. Усё астатняе - будзе забыта. Маўляў - я вам прабачыў, паслухаўся на вашыя просьбы, а вы ў будучым мяне падтрымайце, паслухайце - сядзіце як мышы пад венікам, калі нават у Польшчы пачнуцца бунты. А яны там пачнуцца, Варшава ўзарвецца ад накіпелага болю гістарычнай знявагі.

- Арыштуйце мяне, спадар капітан, - ціха папрасіў Артур.

- А нашто мне вас арыштоўваць? Героя з вас рабіць?

- Я ва ўсім вінаваты.

- Як толькі я арыштую вас, гэта адразу зробіць дваццаць-трыццаць маладых людзей, сынкоў тутэйшай шляхты, патэнцыйнымі дзяржаўнымі злачынцамі. Гм, інсургентамі.

Артур заўважыў, што кабура ў жандара расшпілена. Гэта азначала, што, пэўна, Фогель гуляў у нейкую вызначаную, прадуманую, але Артуру да канца не зразумелую гульню.