Літоўскі воўк | страница 120
- Вам скажуць у мястэчку, што які Налётка пан? - балбатаў тым часам гаспадар. - Што лугу ў мяне трэць валокі ды лесу няма. Дык не верце, мы самая сапраўдная шляхта. Пра род Налётак запісана ва ўсіх хроніках, паверце...
Пад грушкай Фогель месца не знаходзіў. Клікнуў Скалабанава. Той выскачыў з хаты, аблізваючыся і азіраючыся. Падзякавалі гаспадарам, паселі на коні, паехалі.
Было далёка за поўдзень. Ад стажкоў паабапал грунтовай вільготнай дарогі сонца адкідвала доўгія цені. Перад вачыма ў Фогеля стаяў спакуслівы тварык з лёгкім пушком на верхняй губе. Успомніліся словы старога Налёткі: «Яна ў мяне вучоная. Бяда - не хапіла грошай давучыць. Прыехала з таго Пецярбурга - засумавала. Я і мост перакінуў праз равок. Як у тым Пецярбургу, каб не бедавала. Дык яна возьме парасон, паходзіць па тым мосціку і павесялее, крывінка мая...»
Гм, трэба ж. Яшчэ нядаўна капітан Фогель не мог адарваць вачэй ад полькі і зацаніў яе найпярвейшай красуняй, якую бачыў у жыцці. Цішком пазіраў на зваблівы тварык маладой жонкі пана аканома - і яна яму здавалася таксама бясконца прыгожай. Нават тут, калі пазіркваў на дзяўчат, якія былі падобныя адна на другую, як гэтыя во духмяныя грушы ў вазе, яму здавалася, што прыгажэйшых не можа быць. Але ў кожнай Фогелю падабалася нешта адно: вочы, усмешка, прыязны позірк, вусны. А вось Марыся... Цяпер ён знайшоў, убачыў Божае стварэнне, у якім усе вабноты спалучыліся ў адно - і гэтае спалучэнне цапнула яго за сэрца і не адпускала.
Скалабанаў тлумачыў, чаго ён так спешна прыехаў. Пану Буевічу далажылі пра жандараў, і той патрабуе тлумачэнняў.
Фогель не слухаў падначаленага. У яго соладка ныла сэрца. Яму хацелася павярнуць каня, каб ехаць да сядзібы шляхцюка-аднадворца. Прыехаць і што сказаць?
Афіцэр расейскай жандармерыі зразумеў, што закахаўся. І гэта было невыносна балючае і радаснае пачуццё. Балючае, бо той чалавек, да якога так нечакана прыкіпела сэрца, дачка не генерал-губернатара ці якога магната, а ўсяго толькі «крывінка» аднадворца, які сам возіць гной і есць драўлянай лыжкай. Радаснае - што яна была, і не важна, чыя яна дачка і колькі тысячаў пасагу можна ўзяць за ёю.
3. Прапажа
Артур прыехаў дахаты вечарам і быў здзіўлены вэрхалам, які тварыўся ў доме, - бацька паварочаў усю мэблю.
- Гэта ты вінаваты, антыхрыст! - закрычаў ён, як убачыў Артура. - Рэвалюцыю табе падавай, паўстанне. Супраць асноў! Ды вы не паспелі толькі падумаць, як вас за шкірку ўхапілі. Добра, ты мондры! А гэтага дурня малога навошта ўблытаў? У яго ж яшчэ кісель у галаве!