Літоўскі воўк | страница 119
«Марыся! Яе завуць Марыся, Марыя значыць, - думаў пра сваё Фогель. - І якая прыгожая... Шляхцянка...»
Прыбораў на стале аказалася тры - толькі дарослым. Адкуль мог афіцэр расейскай жандармерыі ведаць, што ў пана Налёткі ва ўжытку прадметаў засталося толькі на тры поўныя асобы. Мала таго, пасярэбраных відэльцаў было толькі два. І былі яны не надта каб вычышчаныя, бо, па ўсім было відаць, ужываліся рэдка.
Падавалі, а падавала ўсё тая ж Вольга, лізуху - вару з капуснага расолу і тоўчанага льнянога семені. Потым яна прынесла тушаную качку, далей - смажаныя карасі, потым прынеслі нешта ў гаршчэчках, але жандар папрасіў яшчэ лізухі. Спадабалася яму тая лізуха. Якраз гэта было тое, чаго яму хацелася. Еў і не мог наесціся. Як не мог наглядзецца на твар старэйшай дачкі.
- Як кажуць хлопы, пане афіцэр, гушча з хаты дзяцей не разганяе... - задаволена казаў гаспадар. - Дзякуй Богу, усяго досыць.
Нечакана пачуўся вокліч, у дзверы загрукалі. То прыйшоў адзін з падначаленых Фогеля, чымсьці моцна заклапочаны паручнік Скалабанаў. Фогель загадаў яму сесці побач, наліў чарку. Праўда, чацвёртага прыбора не хапіла. Паручніку налілі ў гліняную місу і падалі звычайную сялянскую драўляную лыжку. Паручнік нават не пасміхнуўся як чалавек выхаваны. Да ўсяго ж вачэй не спускаў з Марысі. Ён быў маладзейшы, і яна яму некалькі раз усміхнулася. Гэта закранула Фогеля за жывое - яму яна не пасміхалася, наадварот, ён адчуваў ад дзяўчыны нейкую варожасць. Некалькі разоў капітан спрабаваў прыцягнуць увагу дзяўчыны размовай, але без поспеху. Марыся і Скалабанаў балбаталі пра Тургенева, пра французскія раманы. Скалабанаў нават умудрыўся некалькі раз узяць дзяўчыну за ручку. Фогель чамусьці моцна, ледзь не да корчаў сашчапіў сківіцы, потым стаў частавацца гарэлкай розных гатункаў. Але гарэлка яго не брала.
Паколькі было вельмі горача, праз расчыненыя дзверы і вокны ў хату наляцела поўна мух. Гаспадар прапанаваў выйсці.
Пад старой грушай пасцялілі дзяружку, нанеслі бутэлек квадратовай формы.
- Панове, - казаў пан Налётка, - гарэлкі хопіць, а закусіць і хлебам закусім. Хлеб ёсць! Во гэтымі, выбачайце, уласнымі рукамі здабываю, хлебаробнічаю...
- Гм, нічога, мы разумеем, - казаў Фогель, пакручваючы галавой, бо не бачыў ні Скалабанава, ні Марысі, якія засталіся ў хаце.
- Не маю выгодаў вялікіх, валоку зямлі, і тую няпоўную. А каго наймаць, дык плаці, дзяліся ўраджаем... Дык я, панове, усё сам.
Фогель азадачыўся: нейкая няясная трывога расла ў ягоных грудзях.