Літоўскі воўк | страница 117
- Горача сёння, - сказаў жандар, здымаючы фуражку. - Сонца галаву напякло. Аж млосна. А пот, перапрашаю, вочы выеў... Так што прабачце, калі што...
Прамова жандара была не простым прабачэннем, але з загагулінай. Маўляў, абазнаўся, не ўбачыў. І з галавою ад гарачыні не тое.
- Зрабіце гонар зайсці ў дом, родавое, так сказаць, гняздо. Бэндон бясконца шчаслівы! - прагучэла прапанова. У вачах шляхціца Налёткі свіцілася ўжо ліслівасць, якая бывае ў ганарыстых, але бедных дваран.
Жандар надумаў нікуды не йсці, папіць вады ці чаго дадуць на надворку і адразу ехаць далей. Але тут убачыў, як па надворку, падымаючы край сукенкі, хутка прайшла... тая самая паненка, якую нядаўна бачыў на арачным мосціку. Што за галюцынацыі! Дзяўчына, апусціўшы галаву, шмыгнула ў хату. Жандарскі афіцэр аддаў вуздэчку гаспадару і пакіраваўся да дома.
РАЗДЗЕЛ XI. Інсургент
1. Родавае гняздо Налётак-Чарняўскіх
Дом, а хутчэй звычайная сялянская хата, толькі вялікая, раздзеленая на некалькі частак, меў у большым пакоі бліжэй да абразоў непакрыты абрусам стол з тоўстых дубовых дошак і з такімі тоўстымі нагамі, быццам майстар браў за ўзор ногі, прынамсі, мядзведзя. Да сцен прытуляліся звычайныя драўляныя лавы са спінкамі, у прасценках стаялі зэдлікі з накінутымі даматканымі дзяружкамі. Па кутах туліліся старасвецкія куфры. Моцна пахла свежым аерам, які быў параскіданы не толькі на падлозе, але і на лавах і нават ложках. Сцены дома атынкованы і ўвешаны карцінкамі, партрэтамі і дагератыпамі ў не вельмі выштукаваных рамах. На адным са здымкаў Фогель пазнаў тую самую паненку, дзеля якой і зайшоў у хату. Каля абразоў віселі намаляваныя на дзвюх дошках партрэты, мусіць, продкаў, стылізаваныя пад абразы: выява мужчыны з ліловай бародаўкай на павеку і выява жанчыны з такімі вялікімі вачыма, рыхтык мастаку пазіраваў алень, а не чалавек. Шчокі жанчыны былі густа ўмазаны бурачковым колерам, бо, мусіць, мастак не меў ружовай ці, на крайні выпадак, малінавай фарбы. Затое вусікі ў жанчыны мастаку ўдаліся.
- Продкі... - патлумачыў гаспадар, не хаваючы задавальнення і замілавання. - Прашу ганаровага госця ўмыцца, - сказаў Налётка-Чарняўскі. - Гэй, Вольга, прынясі пану вады і ручнік.
Фогель выйшаў на вуліцу. Маладзенькая дзяўчына ў вылінялай цеснаватай сукеначцы прынесла мядніцу, гарлач і вялікі ручнік з махрамі. Капітан мыўся і глядзеў на босыя, загарэлыя і ўкарэлыя ногі дзяўчыны, якая адчувала гэта, саромелася, чырванела і адварочвалася, калі Фогель хацеў зіркнуць ёй у твар. Афіцэр прывёў сябе ў парадак, і тады сам гаспадар паднёс узелянелы ад часу, пэўна, ніколі не чышчаны сярэбраны спод, на якім стаялі на выбар і журавінны морс, і яблычны кампот, і грушавы ўзвар, і проста бруснічная вада.