Літоўскі воўк | страница 116



Селянін уздрыгнуў. Кабылка ў возе, нагружаным гноем, аж прысела ад гуку стрэлу. Селянін павярнуў галаву, абгладзіў павіслыя вусы. Вочы ягоныя свіціліся нядобра. Здавалася, толькі стрэл змусіў яго зірнуць на жандара.

- Прынясі, кажу табе, напіцца! - цяпер спакойна, з цяжкасцю стрымліваючыся, каб не аблаяць хлопа, сказаў Фогель.

Чалавек кінуў скапач, не зірнуўшы на жандара, пашыбаваў у хату. Фогель ужо не спадзяваўся, што нап'ецца квасу, хапіла б і вады, але ён памыліўся. З хаты выйшаў... той самы селянін, але ў... блакітным кунтушы, аперазаны рамянём, на якім блыталася шабля. На галаве высілася баранчыкавая шапка з чырвонай, праўда, зашмальцаванай, атласнай лентай.

«Хм, - падумаў Фогель, - што за маскарад?!»

Тым часам гэтак дзіўна ўвабраны чалавек падышоў пад жандара, выкаціў грудзі бочкай і гучна, басам, прамовіў:

- Панцырны баярын роду Налётак, шляхціц Рыгор Налётка-Чарняўскі. Маю гонар, васпане афіцэру, прапанаваць зайсці ў мае сціплыя апартаменты!

І наваяўлены шляхціц галантна схіліў галаву. Ад уражання Фогель аж прысвіснуў.

«Адкуль з'явіўся? - падумаў ён. - Гэта ж той самы чалавек, што раскідаў гной, вунь яшчэ і босы?!»

Жандар скочыў з сядла, угледзеўся. Сумненняў не было, перад ім стаяў той самы селянін, які толькі што скапачваў гной з воза. Але цяпер ягоная рука трымалася за эфес шаблі, вочы глядзелі напружана, недаверліва, шалёныя і злосныя.

- Капітан Фогель, - адрэкамендаваўся жандар і слаба прышчоўкнуў абцасамі.

Некалькі секундаў яны стаялі адзін супраць другога, не ведаючы, што рабіць. Адзін - царскі жандар, у прапацелых кіцелі і фуражцы, запыленых ботах; другі - босы, у старадаўніх трантах, пры халоднай зброі. Сонца грала на дробненькіх смарагдавых пацерках на похве шаблі.

Шляхціц чакаў, пэўна, хоць якой сатысфакцыі за тое, што яго абразілі «мужыком». Жандар не ведаў: ці прасіць прабачэння, ці проста нічога не гаварыць, абысці гэтае тонкае пытанне. Рыгор Налётка выглядаў цалкам аперэтачна. Нават на кунтушы моль патраціла куніцавую апушку. Але шляхціц быў босы, і гэта ніяк не падыходзіла да аперэтачнасці. Гэта было праўдай, рэальнасцю. Акрамя таго, рука шляхціца Налёткі ўсё яшчэ моцна сціскала рукаяць шаблі, і гэта, адзначыў сабе жандарскі афіцэр, было даволі небяспечна. Ён ужо добра начуты пра пыху тутэйшага дваранства, якое ледзь што кідалася бараніць свой гонар. Фогель ведаў, што такое абражаны гонар беднякоў. Такі секане па галаве, а потым даказвай, што ты яго не называў мужыком.