Літоўскі воўк | страница 115
Капітан Фогель пусціў жарабца па дарозе з мэтай завярнуць да бліжэйшага жытла - ад гарачыні, а болей ад смачнага снядання, якім начаставала гаспадыня дома, дзе ён стаяў, яго мучыла смага. Наступаць, наскокваць і арыштоўваць некага ў сонечны, шчаслівы, такі мірны дзень, ды яшчэ на поўны страўнік, жандару не хацелася. Зрэшты, усё роўна лепей абдумаць любыя дзеянні. Хваробу, у тым ліку і грамадскую, палітычную, прасцей папярэдзіць, чым лячыць.
6. Жандар просіць квасу
Праз вярсты дзве дарогі капітан убачыў пад старымі вузлаватымі яблынямі вялізную хату з павапнаванымі аканіцамі. На вільчыку вецер ледзь варушыць забітую сароку. Пад вокнамі хаты зацвітаюць вяргіні. Недалёка ад хаты воз, высока накіданы гноем, а босы шыракаплечы вусач скідае гной на граду.
«Багатая сядзіба, добры квас будзе», - падумаў жандар і гучна праказаў:
- Мужык, ці не будзе квасу?
Селянін не звярнуў на жандара аніякае ўвагі.
«Глухаваты, ці што?» - падумаў Фогель і гукнуў:
- Гаспадар, ці ёсць квас?
Вусаты і вухам не паводзіў - працаваў сабе. Фогель папрыглядаўся і надумаў пад'ехаць бліжэй. Для гэтага належала аб'ехаць равок, на дне якога блішчэла вада. Жандар паехаў уздоўж раўка, завярнуў за купу алешын і выехаў да мастка. На мастку яго чакала неспадзяванка. Зрэшты, сам масток быў дзіўнай пабудовай - у выглядзе аркі, са свежымі, а галоўнае - пафарбаванымі парэнчамі. Акрамя гэтага, на мастку, карцінна абапёршыся на парэнчы, стаяла самая сапраўдная паненка. Светлая прыталеная сукенка, жакецік, чаравікі, кніжка ў руцэ, задумёная міна на твары. А твар які прыгожы: чысты, ясны. Жандар нават вочы працёр, ці не мярэсціцца яму ад спёкі. Не, паненка існавала наяве. Яна стаяла і глядзела ў равок, як плыве раска. Вакол дзяўчыны гулялі стракозы. Каб не спужаць яе, Фогель скочыў з каня і, пакуль выводзіў яго да мастка, не ўбачыў, прыкрыты канём, куды паненка знікла. Адвёў вочы ўбок - а яе няма. Фогель хмыкнуў, прывязаў каня да парэнчы мастка, пайшоў да селяніна.
- Мужык, квас ёсць напіцца?
Нуль увагі. Толькі працаваў селянін ужо неяк шалёна. Замахваўся скапачом з-за вуха і з усяе сілы ўбіваў прыладу ў гной, рыўком сцягваў пласт, зноў узмахваў і апускаў скапач.
Раззлаваны, Фогель вярнуўся да каня, сеў на яго і пад'ехаў на кані. Жарабец пад жандарам, сціснуты каленямі, нервова заперабіраў нагамі.
Ані знаку. Гэта была яўная дэманстрацыя няўвагі.
- Ці ёсць напіцца? - крыкнуў раз'юшаны жандар.
Калі б селянін быў нават глухі, то не заўважыць чужынца проста не мог. Тады капітан Фогель дастаў з саквы рэвальвер, дэманстратыўна падзьмухаў на яго, узвёў курок, падцягнуў повад, каб ад стрэлу не апудзіўся конь, і стрэльнуў у паветра.