Літоўскі воўк | страница 112



- А дзе ўсе? - Стасік прайшоўся па надворку. - Належыць хутчэй збірацца на паўстанне, разумееце?! Свабоду ваяваць, незалежнасць. Супраць маскалёў...

- Слухайце, панічок. - Стары збіў кіем з прызбы мухамор і з крэхтам сеў. - Куды нам тая свабода? Трое сыноў у мяне. А зямлі з жабіны прыгаршчы. За работай свету белага не бачаць. Нам бы зямелькі, а не свабоды той.

- Зямля ўся - у цара. У расейскай дзяржавы... Цяпер самы час зваліць імперыю...

- Так-так. Лесу казённага валокі тры-чатыры нам бы не пашкодзіла.

- Усе народы роўныя, і людзі ўсе роўныя, мы - грамадзяне... - натхнёна гаварыў Стасік.

Чырвань ад сораму ў яго прайшла.

- Уга, - ківаў галавой дзед, - акурат хапіла б. Каб, як колісь, ляда высечы, выпаліць, выкапанічыць, засеяць, калі Бог паспрыяе з пагодай, дачакацца ўраджаю...

- Хопіць нам расейскага дэспатызму, - узмахнуў рукой Стасік, каб падкрэсліць важкасць словаў.

- ...потым сабраць, змалаціць, прадаць, узяць капейчыну, во сюды, у шабету, - стары паляпаў па поясе, дзе, між іншым, ніякай шабеты не меў, - і тады ты сва-бод-ны!

- Звергнуць ненавіснае іга, тыранію, выйсці з рабства... - тарочыў малады пан.

- ...і тады ты сва-бод-ны! Хочаш - ідзі ў карчму, хочаш - купляй каня, - казаў пра сваё дзядулька. - А то вунь кабыла ляжыць хворая...

- Годзе цярпець маскалёў...

- Ці лесу на новую хату. Праўду, праўду, пане Арцю, кажаце... Свабода вялікая рэч.

- І калі мы заваюем незалежнасць, будзем жыць у сваёй дзяржаве, то ў нас будзе ўсё - нашымі будуць усе лясы, палеткі, усе дубы і закоты. Усё будзе наша: і свае суды, і сваё войска, і свае грошы.

- Можа, і ваша, паночку, - згадзіўся дзядуля. Ён абапёрся на кій. - Вашымі будуць суды, войскі, грошы. Грошы рыхтык вашымі будуць. І зямля ваша, і лес, і луг, а нашымі застануцца граблі, вілы, рыдлёўкі.

Стасік разгубіўся перад такім паваротам справы. Стары яўна перайграваў яго. Спачатку з усім згаджаўся, а цяпер вось як павярнуў.

- У нас мова будзе свая... - выдыхнуў Стасік. - Мова, універсітэт, газета...

- Дык яна, мова, у нас і так свая, - здзівіўся стары. - У вас - польская, свая, а ў нас свая, мужычая, сялянская.

Стасік збянтэжыўся.

- Пасудзіце самі, пане Артуру, ці хочацца нам такой свабоды?

- Дзівак чалавек, - не сунімаўся Стасік, не зважаючы на тое, што стары ўпарта называе яго Артурам, - гэта яму было выгадна. - Калі вашыя сыны будуць свабодныя, вольныя, то возьмуць тое зямлі, колькі захочацца.

- Дык узяць усім захочацца. Рабіць хто будзе? - паглядзеў дзядулька на Стася. - Калі паглядзець проста, панам і цяпер свабода. А за нашым братам мужыком належна глядзець. Дурню дай волю, гэта ж разбой, грабежніцтва, гульба... Ды і над вашым панам-братам наглядчык трэба, ой трэба. Калі не цар, то нашыя брухачы на карак так сядуць, што заездзяць, не раўнуючы, як заездзілі вунь гэтую кабылу, - стары паказаў кіем на маліннік.