Літоўскі воўк | страница 113
Кабыла ў малінніку прачнулася і павярнула галаву да людзей з такім выразам, нібы чакала, што ёй вельмі цікава, што людзі скажуць далей. Курыца з выскубанай каршуном спінай падышла да Стасевага чаравіка і наўдачу клюнула праўзук.
- Ну, не вельмі мой бацька на сялянах наездзіў, - незадаволена праказаў Стасік.
- А я не кажу пра вашага бацьку, - не сунімаўся старэча. - Вазьмі вунь пана Налётку. Дачок, што называецца, у чорным целе трымае, не шкадуе ні сябе, ні іх. Праўда. Сам, як вол, цягне ярмо і ўдзень, і ўночы, а як парабка возьме - прадыхнуць не дае, пане Арце...
- Я не Артур... Я - Станіслаў, - нарэшце запярэчыў Буевіч, разумеючы, што агітацыя ў яго выйшла на пшык.
- ...пане Артуру, - не слухаў паніча старэча. - Воля для тых, хто ведае, нашто яму тая воля. А нам нашто воля? З ласкі Божай сена на балоце нарабіў, вазоў пару прадаў, вось табе і воля. Дзе якую рыбіну на кірмаш занясеш ці качку ўпалюеш, жыду аддасі - усё грош, усё капейка. Вось і воля, так і жывеш...
- Ды вы не жывеце, вы марнееце! Не ведаеце, не бачыце свету... Не разумееце, што ёсць Парыж, Вена, Варшава...
- Нашто мне ваш Парыж і ваша Варшава? Я жыву дзеля сябе. Жыву ціха і спакойна, і слава Богу. Якой яшчэ трасцы?
Стасік пачухаў патыліцу. Нібыта і праўду кажа стары. Не, гэта - не матэрыял для агітацыі. Юнак нечакана развітаўся, павярнуўся і пашыбаваў прэч.
«Пашукаю каго з маладых, - надумаў Стасік. - Са старымі лепей не звязвацца...»
Яму было прыкра, бо даводзілася прызнаць, што ён не разумнейшы ад гэтага дзядка. Наадварот - дурань дурнем.
4. Нечаканы паварот справы
Але і з маладымі выйшла нявыкрутка. Ішоў па дарозе і натрапіў на маладзёнаў, якія секлі жардзіны. Сярод іх пазнаў сына царкоўнага старасты Максіма Дзеркача, Яўхіма. Той таксама адразу прызнаў панскага сына і стаў вітацца першым. Стась зрабіў змоўніцкі выгляд, паклікаў хлопцаў да сябе і стаў гаварыць пра незалежную рэспубліку, уласную дзяржаву, свой урад, свае грошы.
Дзяркач-меншы не вытрымаў і сказаў:
- Як хочаце, а я раскажу бацьку.
Стасік вылупіў на хлопца вочы.
- Вы - польскі звадыяш і падбухторшчык... Я раскажу бацьку, а ён данясе спраўніку...
Стася кінула ў чырвань. З цяжкасцю апанаваў сябе.
- Вось што, - роблена пасміхнуўся ён. - Многа ты ведаеш, я пагляджу. А мо і спраўнік - наш чалавек?
- Усё роўна раскажу, - стаяў на сваім Яўхім. - Знойдзецца і на спраўніка ўправа. Адзін спраўнік у губерні? Раскажу...
- Калі ласка, - уздыхнуў Стасік. - Кажы...