Літоўскі воўк | страница 111
Неўзабаве Стасік, апрануты, як парабак, у партках і світцы, праўда, паясок падперазаў святочны, вышываны, папраставаў на вёску. Людзі, каго ні сустракаў, кланяліся яму, віталіся, а потым здзіўлена праводзілі позіркамі.
«Браты, грамадзяне... - насілася ў галаве шчаслівая думка. - Мы - роўныя, блізкія...»
Праўда, загаварыць з вясковымі на тэму, дзеля якой і выбраўся, не хапала адвагі. Змрочнымі, недаверлівымі выглядалі сяляне з тых, каго сустракаў. Так і ўсю вёску прайшоў, спыніўся на выгане, пачухаў патыліцу.
«Пайду далей... Дзе мяне не так добра ведаюць, - намысліў юнак. - З малазнаёмымі прасцей будзе...»
Пайшоў па палявой дарозе і неўзабаве натрапіў на хату ў хмызняку. Хутар нейкі. Нават не падазраваў, што тут людзі жывуць. Адна хата і дзве-тры гаспадарчыя пабудовы. Хто ж тут жыве?
Прайшоў на неагароджаны падворак. Нізенькая хатка сляпілася акенцамі, на прызбе рос стары мухамор, дах упрыгожвалі мох і лішайнік, бо салома даўно згніла. Пуня паказвала рэбры латаў. Па надворку хадзіла курыца з перабінтаванай лапай, а ў малінніку паміж пуняй і свірнам лежма драмала сівая кабыла.
Стасік пахадзіў па надворку, пасвістаў, паглядзеў у акенцы з патрэсканымі, замазанымі глінай шыбкамі. Ён чакаў, што гаспадар выйдзе сам. Ніхто не выйшаў. Тады Стасік зірнуў праз цалейшае, з большай шыбкай акенца ў хату. Нікога. Пагрукаў у дзверы. У хаце пачуўся кашаль. Стасік загрукаў мацней. Урэшце з хаты на белы свет вылез старэча з кіем.
- Уставай, дзядуля, за волю змагацца, - сказаў Стасік.
- За што, за што? - спытаўся дзядок.
У яго ўсё было сівое, аж жоўтае: вусы, барада, валасы. Толькі бровы русявыя. З-пад іх на Стася глядзелі мокрыя, але ўсё яшчэ ясна-блакітныя вочы.
- За волю. За нашу і вашу. Ведаеце, што такое свабода?
- Свабода? - перапытаў дзед, вінавата міргнуў, ацэньваючы прыхадня: хто ён такі - гэты далікатны малады чалавек у світцы, падпаясаны каляровам паяском.
- Трэба паўставаць супраць цара! - натхнёна праказаў Стась, дзівуючыся ўласнай смеласці. Такіх словаў ён раней не гаварыў. Нават думаць пра такое было страшнавата.
- Га? - падставіў вуха старэча. - Вы чые будзеце? Не Буевічавага пана сын? Арцік?
- Буевіча... - нецярпліва прагаварыў Стасік. - Толькі не Артур, а Стасік.
- Во-во, я і кажу, што Артур, бо меншага, дурнаватага Стася, я добра ведаю. Гады два, мусіць, прайшло, як паварочаў людзям копы. Нашто яму былі тыя копы? Гарцаваў перад дзеўкамі на кані, боўдзіла.
Стасік пачырванеў. Ну, дурнем быў, ну, пашалеў на грамадскім лузе. Сяляне прыходзілі скардзіцца на свавольства. Але стары прымае яго за Артура. Ну і няхай прымае.