Літоўскі воўк | страница 110
- А цар?! - ускрыкнуў бясконца ўражаны такой шчырасцю сына стары Буевіч і тут жа схамянуўся: - Так, так... Цар жа пайшоў ад малпы, ён - не Боскае стварэнне.
- Ён Боскае стварэнне, - уздыхнуў Артур. - Але нагэтулькі, наколькі Боскімі стварэннямі з'яўляемся і мы. У абсалютна роўнай ступені.
- А войскі, а жандары, а спраўнік?
- Эўропа за намі. А што да спраўніка, то і ён цалкам наш чалавек, - сказаў Артур. - Жандары?! Колькі тых жандараў? Пакуль цар, каб бараніць сваё малпавае права быць царом, прышле рэгулярныя войскі, мы павінны падрыхтавацца як след, згодзен, тата?
Бацька паглядзеў на сына, прашаптаў:
- Згодзен.
- Тады я падскочу да Бароўскіх, паедзем разам з ім па шляхце. А вы тут прыкіньце, тата, хто з вашых людзей, сур'ёзных, талковых, можа быць карысным у нашай святой справе.
Артур паехаў. Стары Буевіч задуменна сядзеў перад сподам. Каб праяснілася ў галаве нагаворанае сынам, ён наліваў і выпіваў чаркі - сваю і сынаву. Калі гарэлка скончылася, загадаў Цімоху склікаць людзей. Сабралася дворня. Буевіч выйшаў на ганак.
- Людзі, ці бачылі вы малпу? - спытаўся ён.
Людзі маўчалі.
- Ну тую мартышку, што колісь жыла ў Вярэніча?
- Помнім, пане, чаму ж не помнім, - адказаў за людзей Цімох. - Яе ў цыганоў Вярэніч купіў.
- Дык вось! Бог, аказваецца, не нас, людзей, стварыў, а спачатку гэтую мартышку, малпу. Малпа - брыдкая, гідкая, крыважэрная і памаўзлівая мартышка - перахітрыла ўсіх роўных і чэсных хрысціян і вырабілася расейскім імператарам!
- Зноў пан напіўся... - ціха прабурчэў Цімох.
- Цяпер адкажыце мне: ці можа мартышка быць імператарам?!
Сяляне паздымалі шапкі і перахрысціліся. Выдавала, што іхні пан звар'яцеў.
3. Стасік ідзе ў агітатары
Станіслаў Буевіч стаў нявольным сведкам размовы старшага брата з бацькам - слухаў з суседняга пакоя. Ідэя роўнасці, незалежнасці ад расейскай кароны цалкам натхніла і яго. Тым больш што скрынка зброі, якую разам з Людовікам і Ясем зацягнулі на стары млын, не выклікала ніякіх сумненняў у намерах Артура. Інсурэкцыя - сапраўдная мужчынская справа. Выдатная магчымасць праявіць сябе на справе. І, як казаў старэйшы брат, уся цяжкасць у падрыхтоўцы. Значыць - варта хутчэй ісці агітаваць. Чаго чакаць, калі ты намерыўся рабіць свой асабісты ўнёсак у паўстанне, у інсурэкцыю. Хутчэй падбухторваць народ! Трэба гаварыць з людзьмі, расказваць праўду, тлумачыць, што да чаго. За справу!
Ага, адзецца прасцей, каб не выклікаць недаверу. І гэта цалкам правільная думка.