Літоўскі воўк | страница 109




2. Разуменне роўнасці


Стары Буевіч усхадзіўся. Ён падскочыў з крэсла і шырокім сягам стаў кружляць па пакоі. Як толькі сын спрабаваў яму нешта тлумачыць ці пярэчыць, Буевіч-бацька ўскідваў руку, даючы знак сыну маўчаць.

- Ты думаеш, я - адсталы чалавек? І не ведаю, што значыць роўнасць? - пагрозліва гаварыў ён. - Ты яшчэ не нарадзіўся, а я меў у бібліятэцы кнігі, якія былі забаронены, ведаеш дзе? - Бацька насунуўся на сына. - У Парыжы! У гэтым расадніку так званых ідэй вольнасці і брацтва. А ў мяне - былі, а я - чытаў.

- Тата, мы павінны адабраць у расейскага імператара права распараджацца намі, ліцвінамі, - Артур праводзіў сваю лінію, нягледзячы на бацькавы жэсты.

- Ліцвінамі! - усклікнуў бацька. - Гэта - анахранізм.

- Ну я ж не анахранізм! Я жывы чалавек. Я веру...

- Пачакай, пачакай... У што ты верыш? Ці не ў тое, што, скажам, мой новы распарадчык Цімох, у якога ў барадзе, выбачай, вошы вядуцца, калі ад гарэлкі не падохлі, мне роўня?

- Роўня, - няўпэўнена сказаў Артур. Памаўчаў і ўжо болей жвава дадаў: - Прыйдзе час, у расейскага імператара возьмуць права на свабоду, роўнасць і самі расейцы, і ўсе народы, якія насяляюць Расею. Самыя, выбачай, брудныя і вашывыя... Годзе нам маліцца на цара, як на абраз...

Стары Буевіч спыніўся пасярод пакоя, зірнуў на сына, перавёў позірк на алеадрук выявы імператара, узяты ў багетную раму, прашаптаў:

- Але ж - імператар! Якая малпа? Які Цімох?

- Імператар, імператар... - прабурчэў Артур. - Мы самі сабе імператары... Паўстаць, як вось-вось паўстануць палякі, і адваяваць сваю волю. Захочам, паставім сабе караля... Выберам з шляхты каго талковага... Не захочам караля, выберам прэзідэнта, канцлера.

Бацька маўчаў. Відаць, ён нешта думаў, бо не слухаў прапаганду Артура.

- Тут адназначна, тата, варта ўдзельнічаць у вайсковым рушанні... Разам з палякамі змагацца за волю, за нашу, краёвую волю...

- За волю... Так... - згадзіўся пачырванелы ад уражання нейкімі сваімі думкамі Буевіч-бацька.

Дзяўчына, іншая, не Хрысця, а каратканогая і крыху дуркаватая Волечка, прынесла ўжо вядомы чытачу спод.

- Яшчэ вось што, - з таямнічым выглядам прамовіў Артур. - Маю ідэю падтрымаў аканом. Манкевіцкі...

- Пан Урбановіч?

- Ён дасць грошы. На зброю...

- Пан Ежы і зброя? - здзіўлена прашаптаў Буевіч-бацька. - Гэты ціхун? Ён жа і курыцу баіцца зарэзаць. Ён на паляванне ніколі не хадзіў...

Буевіч-бацька наліў сабе і сыну гарэлкі, выпіў, скрывіўся.

- Ад нашага павета мы мусім выставіць не меней як тысячу шабляў. Думаю, разам з простымі людзьмі набярэцца... - ціха, пранікнёна гаварыў Артур. - Для пачатку захопім уладу тут... Варшава, Вільня нам дапамогуць...