Літоўскі воўк | страница 103
- І вам раю...
Дзверы рыпнулі, і ў карчму зайшоў ангелец. Той самы, учарашні. Ён агледзеўся, убачыў спраўніка і жандара, стрымана кіўнуў, сеў за незаняты стол. Карчмар спытаўся спачатку па-польску, потым - па-нямецку. Ангелец круціў галавой, нешта тлумачыў.
- Ды прынясі ты яму піва... - параіў карчмару спраўнік. - Ты што, не разумееш: бір - ён усюды бір! Ён біра хоча, а не тваёй гарэлкі... У Англіі піва найлепшае. Расказвалі, ёсць такое піва - Гінеса... На пене трэсачкай напішуць слова, піва выпіваюць, а надпіс застаецца... Во якое піва... Нам такое не піць.
Жандар і спраўнік асалавелі. Ангелец нават не пазіркваў на прадстаўнікоў улады, цморкаў піва, рыхтык для яго нічога больш не існавала.
- Бачыш, півахлёб, - незадаволена сказаў прыстаў. - Быццам і не ведае нас.
5. «Kastuś»
На вуліцы пачуліся крыкі фурманоў. Да пастаялага двара з аднаго боку пад'ехала карэта, а з другога брычка. Хутка ў карчму ўвайшлі маладыя, багата апранутыя людзі. Адзін высокі, голабароды, а другі нізенькі, з пушыстымі бакенбардамі. Высокі быў апрануты як студэнт - у сурдуце і высокіх ботах, невысокі - у пыльніку паверх адзення і франтаватым кацялку набакір.
Гаварылі яны па-польску і не звярталі ўвагі на прысутных. Яны нават не паздароўкаліся, як рабіў гэта кожны, хто заходзіў у карчму, - такі быў звычай. Прыезджыя ўсю сваю ўвагу накіравалі на ўласныя персоны. Праўда, у карчме было досыць цёмна, каб прыбышы маглі з яснага надворка ўгледзець тут за сталамі зусім не апошніх людзей.
- Адкуль ты? - спытаўся высокі ў невысокага.
- Проста з Парыжа, - неспадзявана адказаў невысокі. Але адказ ягоны прагучаў хутчэй стомлена, чым з фанабэрыяй.
- Чаго? Што ты там рабіў? - здзівіўся высокі.
- Чаго? Прабіў час скідаць з радзімы кайданы. А ты куды?
- Я? У Пінск... Ёсць пільная справа.
- Фамільная? - спытаўся невысокі і скінуў пыльнік. Пад ім аказаўся фрак гранатавага колеру. Шыю закрываў ясна-блакітны гальштук.
- Фамільныя? - перапытаўся высокі. - Якой халеры! Душыць хутчэй гэтую гадзіну. Колькі можна цярпець? Але і камізэлька ў цябе ганаровая. У Парыжы купляў?
- У Парыжы, - згадзіўся невысокі і расшпіліў некалькі жоўтых гузікаў, каб паказаць франтаватую камізэльку канарэйкавага колеру з бурштынавымі гузікамі.
Спраўнік нахіліўся да жандара, шапнуў:
- Чуеце, што кажуць? Разумееце?
- Няхай сабе кажуць, - адмахнуўся жандарскі афіцэр. Ад выпітага памякчэла на душы і лезці ў чужое жыццё не хацелася.
- Крамола, васпане, - шапнуў спраўнік. - Баюся я, загарыцца ўвесь край...