Літоўскі воўк | страница 102



- Выходзіць, што Ўрбановіч бязродны-беспародны? - зіркнуў на прыстава Фогель.

- Уга. Толькі якраз тады Ўрбановічыха, пані Цэцыля, аўдавела. Ад гора ці ад якой іншай прымхі ўзяла і ўсынавіла Ежы. Не, і квас дрэнь, і гарэлка дрэнь... Што яны толькі падмешваюць у яе?

- А маці, Буевічыха? - распытваў Фогель. - Так і засталася сялянкай?

Распытваў Фогель не ад цікаўнасці. Належала рабіць хоць нешта, каб і спраўнік, і прыстаў не падумалі, што ўчарашняе - ісціна і ён насамрэч гатовы замахнуцца на святыню - імператарскі прастол.

- Гэта цёмная гісторыя. Кажуць, - стаў гаварыць прыстаў, - пані Цэцыля хацела ўзяць яе ў таварышкі, каб яна ў каталіцтва перайшла. Буевічыха не згадзілася...

- Пахвальна, пахвальна, - адгукнуўся спраўнік. - Ведаеце, панове, шмат будуць гаварыць пра рэлігійную талерантнасць у нашым краі, а калі глянуць гісторыю - то яна прасякнута рэлігійнай барацьбой. Тут Захад скрыжаваў мячы з Усходам. Хрысціянства ўнутры сябе ваявала...

Спраўнік таксама не ведаў, што рабіць. Выглядаў, быццам нічога асаблівага не адбылося. Пасядзелі, пагаварылі ўчора і забыліся, бо прыйшоў новы дзень з новымі клопатамі.

- Старэнькая маці Ежы Ўрбановіча жыва і дагэтуль, - працягваў свой расповед прыстаў. - У свой час яна нарадзіла новаму мужу дзіця, Ясіка Кавальца. Вось даўся гэты малец мне ў знакі.

- Выходзіць, Ясь - зводны брат пана аканома? - здзівіўся Фогель.

- Так. Задзірысты, скажу я вам, свет не бачыў. У пушчы гаспадаром сябе адчувае.

- Пагляджу, яны тут усе задзірлівыя... Учора той Артур, таксама Буевічавага роду, чаго толькі не казаў... - задуменна праказаў капітан Фогель. - Гэта ж гатовы польскі падбухторшчык. Вяжы - і наўпрост у Сібір.

- Мала таго, - казаў Вусаціха, - я ўпэўнены, што гэта ён на прычале агітацыю зладаваў.

- Дык чаго ж пан не арыштаваў яго? - глянуў на прыстава спраўнік.

- Вельмі яго арыштуеш. Уцёк... - скрывіўся прыстаў. - Каб мне хацелася, даўно яго арыштаваў бы... Ды тады са старым Буевічам разбірацца. Трэба мне гэта?

- Стары Буевіч надта страшны? - пацікавіўся Фогель.

- Ён у мяне ў прыяцелях ходзіць. Тут, у гэтым краі, служба такая. Рыхтык, як на Каўказе. Там кунакоў заводзяць, і тут куміцца належыць, - расшчыраваўся прыстаў. - Перад аднымі робім выгляд, што за цара-бацюхну паліцэйскую справу пільнуем, і сумленне не мучыць, што сваіх жа ў Сібір запраторваем, а перад другімі - па-людску жывём. Тут, васпане, вам не Расея, не.

- Мудрая палітыка, - згадзіўся жандар. - Так ты сто гадоў пражывеш.