Літоўскі воўк | страница 101



- Ведаеш, Арцю, давай класціся спаць, - сказаў Урбановіч. - Як кажуць хлопы, пераначуем, болей пачуем. Можаш легчы тут, у кабінеце...

- А вы?

- Я сабе месца знайду - пайду да жонкі.

Аканом сказаў гэтую фразу і ўважліва паглядзеў на Артура. Малады, прыгожы, натхнёны, хоць і моцна стомлены твар арганізатара інсурэкцыі заставаўся нерухомы. Гэта заспакоіла аканома.

- Спіс давай сюды, я схаваю ў надзейнае месца.

Артур аддаў спіс. Аканом яшчэ раз уважліва прагледзеў спіс магчымых паўстанцаў, прачытаў некалькі фразаў, зморшчыўся.

- Што пану не зразумела? - зіркнуў воўкам Артур.

- Грамада... - прачытаў аканом. - Або яшчэ: грамаднік...

- Ну, - патлумачыў Артур, - гэта грамадзянін, а грамада - панства, усе людзі...

- А Дома - гэта радзіма?

- Радзіма... - прашаптаў Артур. Вочы ў яго зліпаліся.

Пан Урбановіч прынёс падушку, коўдру. Малады Буевіч заснуў адразу, як ягоная галава дакранулася да падушкі. Аканом падаткнуў коўдру, падышоў да акна, адхінуў куртыну. За цяжкімі аксамітнымі плашчаніцамі даўно ззяла бліскучая раніца.


4. На пастаялым двары


На другі дзень пасля абеду ў карчму пры пастаялым двары заявілася тройца: капітан жандармерыі Фогель, спраўнік і прыстаў Вусаціха. Карчмар паставіў гліняныя кубкі, наліў са жбана піва. Жандарскі афіцэр пакаштаваў напою, скрывіўся.

- Лепшага няма?

- Лепшае - гарэлка, - адгукнуўся прыстаў.

- Не, гарэлка пачакае... - зморшчыўся капітан. - Тут у мяне сякія-такія справы. Эй, гаспадар, ці смачны ў цябе расол?

Занепакоены карчмар, лісліва ўсміхаючыся, прыгладжваючы пэйсы, падышоў да важных гасцей.

- Ёсць расол, паночкі, ёсць... Усё ёсць. І расол, і гарэлка, і віно - якое толькі пан пажадае: рэйнскае, да прыкладу...

- Прынясі, жыдзе, гарэлкі... - праказаў Вусаціха.

Фогель не стаў пярэчыць. Пасля ўчарашняга ён займеў вэрхал у галаве. Гэта ж трэба - зрабіцца непасрэдным не толькі сведкам, але і ўдзельнікам страшэннай крамолы. Належала нешта рабіць, некага арыштоўваць, словам, дзейнічаць. Але каго арыштоўваць? Спраўніка? Прыстава? Мо самога сябе?

Павярнуўся да прыстава, пацікавіўся:

- А што, пан Урбановіч напраўду гэткі бязбацькавіч, як прызнаваўся?

- А то не, - матлянуў галавой прыстаў. - Маці ягоная, народжаная Буевіч, каб выгадаваць ды вывучыць яго, мусіла выдаткаваць пасажныя грошы. Згалела... Шукала па суседзях капейчыну ўзяць дзеля вучобы сына. Надакучыла сваімі просьбамі... То тады змушана была пашлюбавацца з Кавальцом.

- Халопам?! - здзівіўся жандар.

- Кавалец са збяднелых аднадворцаў. Падчас чарговага складання рэвізскіх спісаў, не помню ўжо, у якім годзе, прыпісаны да мяшчан. Гэта і вывела яго са шляхотнага стану. Ну і шляхцянка, якая пабралася з недваранінам, адпаведна пазбаўляецца дваранства.