Літоўскі воўк | страница 10



- Што за птушка?

- Вучыцель, кажа. А хто ён - не ведаю.

- Зараз паглядзім, што за вучыцель? І ці вучыцель яшчэ? Ану, цаца белатварая, паказвай пачпарт!

«Рабаўнікі!» - пераканаўся настаўнік. Не быў ён белатварым. Відавочна, прыхадні чапляліся, каб лягчэй зрабіць тое, дзеля чаго прыйшлі - абрабаваць. Адзін ужо корпаўся ў вогнішчы, даставаў адтуль печаную бульбу, якую Цімох загарнуў нанач у прысак. Па ўсім відаць - яго моцна даймаў голад, бо ён і стаў тую бульбу есці.

- Дакумант давай, пан! - сказаў больш асцярожны аднавокі, калі пераканаўся, што, акрамя Цімоха, Лізы і настаўніка, навокал нікога.

«Забяруць грошы», - падумаў настаўнік. У шкатулцы ў дарожным саку, дзе ляжалі паперы, былі і грошы. Не ўсе, частка зашыта ў крысо сурдута, - настаўнік ведаў, у якую дарогу выпраўляўся, - ці мала ліхіх людзей можна сустрэць па дарозе ад Масквы да палескай нетры, але шкада было і гэтых, у шкатулцы.

І сапраўды. Грошы аднавокі згроб за пазуху, а паперы патрымаў перад носам дагары літарамі, пахмыкаў, пацмокаў і спытаў:

- Расеец?

- Рускі...

- А дасюль чаго ўтрапуніла?

- Не разумею, прабачце...

- Якой халеры сюды прыцягнуўся?

- Настаўнікам... Дзяцей вучыць... Да памешчыка Ўрбановіча...

- Памешчыка Ўрбановіча? - усклікнуў аднавокі.

І пасля гэтага воклічу два разбойнікі зарагаталі.

- Даўно, даўно па твайму Ўрбановічу крумкач плача... Ну, чалавеча, ці ведаеш ты, што расейцаў, настаўнікаў асабліва, мы рэжам, як курапатак?..

Мурашкі пабеглі па спіне ў настаўніка.

- П-панове! Спадары... - прашаптаў ён. - Не загубіце хрысціянскую душу...

- Нешта ты, масковец, пра хрысціянства ўспомніў? Калі вашыя маскалі гадоў трыццаць назад рэзалі нашых, як авечак, то не ўспаміналі вы ні пра якія душы...

- Выбачайце... Рэзалі? Я не ведаў... Першы раз чую...

- Не ведаў? А належна ведаць.

- Гэта даўней было... Я тады яшчэ не нарадзіўся...

- Ну, не дрыжы, не бойся... Вельмі ты нам здаўся... Мы не душагубцы, мы толькі гэ* рабуем...

* Гэ - гэтак (дыялект.).

Настаўніка прымусілі абняць тоўстую алешыну і звязалі рукі. Далей рабаўнікі ператрэслі рэчы. Што меркавалі забраць - адкідвалі ўбок, на распасцёрты настаўнікаў плед. Забралі ўсё - навошта было і перабіраць. Знялі і адзежу з самога настаўніка - сурдут, порткі. І крыж знялі, і медальён, у якім быў партрэт жанчыны, пэўна, маці маладога чалавека, на які адзін з рабаўнікоў доўга ўзіраўся.

- Так, - звярнуўся да Цімоха аднавокі. - Адвяжаш гэтага расейскага сабаку пад абед, як мы добра адыдземся.