Літоўскі воўк | страница 11
Цімох паслухмяна кіўнуў. Ён ужо тым быў рады, што яго самога не звязалі.
Узышло сонца, радасна спявалі птушкі, Ліза, як сабака, схіліўшы галаву набок, з задавальненнем пазірала на людзей: па ўсім відаць, у хамут не скора.
Далей адбылося наступнае. Тут чытачу важна быць асабліва пільным. Грабежнікі пайшлі прэч, але далёка не адышліся. Склалі ўсе рэчы ў гурбу, распалілі вогнішча і сталі баляваць, не шкадуючы рому з рэквізаванай настаўнікавай біклагі. Балявалі яны нядоўга - ці паснулі, ці проста драмалі. Цімох не адважваўся развязаць пану рукі, як той ціхенька ні прасіў. Ён, настаўнік, увесь палаў агнём помсты. Грабежнікі не дабраліся да падвойнага дна ў куфэрку, у якім была зброя. Не такі ўжо і смелы быў настаўнік, але знявага, крыўда надавалі рашучасці. Усё ж Цімох трымаў слова, дадзенае грабежнікам.
- Развяжу, - казаў фурман, - як пойдуць. Падслухаў, - хацелі цябе зарэзаць. Бо прыставу ці спраўніку ўсё роўна данясеш. А так мо абернуцца і пойдуць... Далібог - абернуцца.
- Што значыць - абернуцца?
- Не ведаю, паночку, хто іх ведае, што ў іх на вуме і хто яны такія. Тут адныя на манкевіцкага аканома працуюць вуглярамі. Але гэта далей, за ракой, у Графскай пушчы... Без пашпартоў гэта збродня ўсялякая. Яшчэ з таго закалату, як цар забраў у графа маёнтак. А вось і ўсё - пайшлі, пабеглі... Слава табе, Госпадзі Ісусе Хрысце...
З гэтымі словамі Цімох несупынна хрысціўся, накладаючы крыжы на сябе і на грабежнікаў. Настаўнік глянуў туды, куды глядзеў Цімох, і не паверыў уласным вачам. (Чытач - увага!) Настаўнік выразна бачыў, што ад вогнішча, якое ўжо не зыркала языкамі полымя, але слаба курэла, беглі два... ваўкі. Прычым беглі яны неяк улукаты, рыхтык стомленыя ці (!) нецвярозыя. Праз імгненне звяры зніклі, згубіліся сярод хмызняку. Цімох перахрысціўся, перасунуў сякерку за спіну, зубамі развязаў вяроўку на руках настаўніка, перахрысціўся яшчэ раз і апасліва пайшоў да вогнішча, каля якога нядаўна балявалі прыхадні. Пайшоў за Цімохам і настаўнік.
Рэчы ляжалі на месцы. Ніводнай не прапала. Знайшліся і грошы, і крыжык. Знік толькі медальёнчык, як ні шукалі. На роспыты, што ж здарылася, Цімох паціскаў плячамі і мармытаў:
- Вовкулакі, паночку, а шо ж... Богородзіца Дзево, радуйся, Дабрадатная Марыя, Гасподзь з табою...
Настаўнік прыпомніў учарашняе відмо сівога ваўка, які таксама знік... Яму зрабілася вусцішна.
Запрэглі Лізу, падаліся далей. Балоты расступіліся, мясцовасць зрабілася сушэйшая, пясок заскрыпеў пад коламі. Дрэвы абапал дарогі рабіліся ўсё вышэйшыя, сталі трапляцца выносныя, прыгожыя сосны і раскідзістыя дубкі. Хутка ўжо настаўнік задзіраў галаву, каб палюбавацца вершалінамі векавечных, у два-тры абхваты дубоў. Наваколле выглядала значна прыветлівей. Настаўнік спадзяваўся, што вось-вось з'явіцца і чалавечае жытло, пакажуцца людзі. Але ягоныя спадзяванні не спраўдзіліся.