Літоўскі воўк | страница 9



«Не набрацца б вошай», - мільгнула апошняя перад правалам у сон думка.


5. Ваўкалакі


Уночы настаўнік прачнуўся ад холаду. Было золка - камары зніклі. Туман на акольных балацявінах застыў малочным кісялём. У небе зіхцелі колкія зоркі. Месяц схаваўся недзе ў гушчыню дрэў.

Настаўнік адзначыў, што яшчэ і развідняць не пачало, а ён выспаўся. Адчуваў сябе радасным, бадзёрым. Настаўнік прыпісаў гэта дзеянню свежага паветра, перанесеным перажыткам у пераадоленні балота і марамі пра дзяўчат, якіх неўзабаве ён вучыцьме і выхоўвацьме.

Ахапіў далонямі твар - мусова галіцца. Ён галіўся абавязкова штодня, і на тое мелася свая прычына. Ага, каб нагрэць вады, раздзьмухае цяпер агеньчык.

Заціўкалі птушкі, наваколле пасвятлела, на душы зрабілася яшчэ больш радасна. Раптам Ліза рэзка ўскінула галаву, пырхнула. Наструніўся і настаўнік. Ён убачыў, як з туману выйшлі дзве постаці. Людзі! Настаўнік штурхануў Цімоха. Цімох няўцямна агледзеўся, а настаўнік паказаў яму на прыхадняў. Тыя стаялі воддаль і прыглядваліся да начлежнікаў.

Прыглядкі працягваліся хвілін пяць. Урэшце незнаёмцы пакіраваліся да воза. Ішлі яны нерашуча, спыняліся і зноў моўчкі ўзіраліся. Цімох злез з падводы і поўзаў ракам, нечага шукаючы.

Цікава, што і Ліза ўзіралася ў прыхадняў. Яны ішлі асцярожна, нібы прынюхваліся. У іхных руках настаўнік заўважыў сякеры. Чым бліжэй яны падыходзілі, тым часцей тахкала сэрца настаўніка - выгляд у невядомых людзей быў самы разбойніцкі. Падпяразаныя вяроўкамі, кашлатыя, аброслыя - да бародаў нажнічкі не дакраналіся гадамі. У аднаго збоку блыталася шабля. Ніякага сумнення, што яны, гэтыя людзі, належалі да прадстаўнікоў вельмі старажытнай прафесіі.

- Хто такія? - рэкнуў адзін зводдаль насцярожаным, непрыемным голасам.

«Што казаць?» - збянтэжана падумаў настаўнік.

- Манкевіцкія, - тоненька і вінавата адказаў Цімох.

- Манкевіцкія? - перапытаў другі прыхадзень хрыплым басам.

Невядомцы падышлі зусім блізка. Горла ў аднаго абвязана каляровай, моцна зашмальцаванай, месцамі абпаленай хусткай, здзёртай, пэўна, з галавы нейкай заможнай шляхцянкі. Выбітае вока ўпрыгожвала скураная налепка - класічны шылераўскі разбойнік.

- Што маўчэце? - спытаўся аднавокі і дабавіў пагрозліва: - Хто такія?

- Тубыльцы, чалавеча, - адказаў за маладога пана Цімох. - Я ж кажу - манкевіцкія.

- А гэта хто? - паказаў сякерай на настаўніка другі прыхадзень, які быў у падзёртым саламяным брылі, падплеценым лыкам.

- Чалавека да эканоміі вязу...