Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзi | страница 8



партыйна-савецкай канцэпцыі таго часу. Тады я даў слова Міколу Ермаловічу. На шчасце, ў архіве клуба захаваўся аўдыёзапіс гэтай прамовы. Сябра клуба Яўген Лаўрэль адаптаваў яе тэкст, з якім чытачы азнаёмяцца далей.

Па зместу выступленне Міколы Іванавіча ў нечым нагадвала яго першую публічную лекцыю, толькі тая лекцыя доўжылася дзве гадзіны, а гэтае выступленне _ каля 40 хвілін, але і яно дало ўяўленне аб той абгрунтаванай канцэпцыі гісторыка па праблеме дзяржаўнасці беларусаў. Чытаць гэтую прамову _ вялікае навуковае і эстэтычнае задавальненне. Тут адчуваецца зладжанасць і лагічнасць думкі вучонага і вялікага патрыёта сваёй Бацькаўшчыны, тая смеласць, з якой гісторык мог начыста адкінуць усе псеўданавуковыя партыйна — савецкія канцэпцыі аб адсутнасці ў беларусаў сваёй дзяржаўнасці і, значыць, сваёй уласнай гісторыі.

Але бачыць Міколу Ермаловіча і слухаць яго выступленне было яшчэ большай асалодай. Яго прамова напаўнялася нейкай эмацыянальнай сілаю, якая міжволі пачынала перадавацца слухачам. Яго рукі пачыналі падымацца ўгору, і гэта ўжо не рукі, а скрыдлы, якія лунаюць над прасторамі Бацькаўшчыны. І, здаецца, яшчэ імгненне, нейкі новы штуршок і ён паляціць. І цябе авалодвае жаданне ляцець з ім. Які ён быў натхнёны і прыгожы ў гэтую хвіліну! Я яго любіў і захапляўся яго талентам прамоўцы, яго вялікім уменнем уздзейнічаць на душы людзей.

"А думкі, а словы яго над вякамі

Лятуць, абуджаючы душ нашых скрыдлы…"

Вось такая пераканаўчая сіла яго прамоў. Так можна натхнёна гаварыць тады, калі сам моцна верыш у гэта. На вялікае шчасце ў архіве клуба "Спадчына" захаваліся аўдыё- і відэакасеты з запісам яго выступленняў у клубе. Мы верым,

што прыдзе час, і кінадакументалісты выкарыстаюць гэтыя матэрыялы і зробяць паўнацэнны кінафільм аб Міколу Ермаловічу _ вялікаму гісторыку і патрыёту сваёй Бацькаўшчыны.

Няхай гэта збудзецца хутчэй!

Няхай шчасціць нам Бог!

22 чэрвеня 1989 года Мікола Ермаловіч зноў выступаў у клубе "Спадчына". Ён апавядаў пра старажытнае Полацкае княства. Дзве гадзіны ён расказваў пра гісторыю Полацка, яго князях, пра зацятыя і пастаянныя процістаянні рурыкавічаў і рагвалодавічаў. А яшчэ столькі ж часу ён адказваў на шматлікія пытанні зацікаўленых, ужо трохі дасведчанных і надзвычай удзячных слухачоў: Чаму Полацкае княства змагло першым аддзяліцца ад Кіеўскага? А ці была адзіная Старажытнаруская дзяржава? І шмат іншых пытанняў.

10 снежня 1992 года клуб "Спадчына" ладзіў шырокамаштабны прадстаўнічы вечар у вялікай зале Дома літаратара ў гонар 75-х угодкаў І-га Усебеларускага кангрэса. Вялікая зала была перапоўнена людзьмі. На вечарыне, поруч з іншымі вялікімі дзеячамі новага беларускага нацыянальнага Адраджэння, мы віталі і ганаравалі Міколу Іванавіча. Мастак Алесь Цыркуноў зрабіў адмысловую грамату, дзе гаварылася аб наданні Міколу Іванавічу годнасці ганаровага сябра клуба "Спадчына". У ёй быў каліграфічна выпісаны віншавальны верш Віктара Шніпа: