Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзi | страница 7



Вось чаму такая лютая, нялюдская нянавісць, варожасць да асобы Міколы Іванавіча і яго навуковых канцэпцый узнікла з боку тых афіцыйных гісторыкаў, якія падсілкоўваліся на "партыйных даручэннях", якія па "партыйнаму" загаду лічылі за гонар пляжыць гісторыю свайго народа, мову, культуру, якія пастаянна зневажалі свой народ, пісалі, што ў беларускага народа няма сваёй гісторыі, што беларуская мова не вартая, каб ёю карысталіся, і чым хутчэй яна знікне, тым лепш будзе для самога народа, тым хутчэй ён прыйдзе ў светлае царства камуністычнага раю.

І нездарма, праз пару тыдняў пасля публічнага выступлення Міколы Іванавіча ў клубе "Спадчына" яго старшыню выклікала ў аддзел прапаганды і агітацыі Мінскага гаркама партыі сумнавядомая яго загадчыца Я.Юферава, якая 2 красавіка 1986 года, у час публічнага выступлення гісторыка, асабістай персонай наведала клуб, для зручнасці сумела ўсесціся на пярэднюю лаву і з

надзвычайнай увагаю слухала (як могуць слухаць толькі тыя, каму гэта неабходна па службе), не пабаюся гэтага сказаць, яго гістарычную лекцыю. І вось Я.Юферава пачала абвінавачваць Міколу Іванавіча ў: 1) нацыяналізме, 2) буржуазным аб'ектывізме, 3) суб'ектывізме падачы і падтасоўцы фактаў, 4) не класавай, не марксісцкай інтэрпрэтацыі гісторыі Беларусі. У недалёкі час магло б хапіць і аднаго абвінавачання, напрыклад, у нацыяналізме, каб вучонага адправіць "куды трэба". Але на двары стаяў ужо другі год "перабудовы", абвешчаны генсекам іх партыі, якая лічылася "умом, честью и совестью". Ссылаць кагосьці ўжо было "не з рукі", а вось прычыніць клуб, каб ён не стаў рассаднікам "бацылы нацыяналізму" у Беларусі, паўстала перад партыйнымі органамі як неабходная задача. Што яны хутка і ажыццявілі.

Я тут не буду кранаць праблему барацьбы клуба за сваё выжыванне, за тое, каб даваць мажлівасць той маладой, новай хвалі беларускага нацыянальнага Адраджэння збірацца сумесна і весці агульнае сумоўе па праблемах нашага Адраджэння.

Наступная сустрэча сяброў клуба "Спадчына" з Міколам Ермаловічам адбылася 19 кастрычніка 1988 года ў Літаратурным музеі імя Янкі Купалы, дзе мы праводзілі вечар па праблемах беларускай дзяржаўнасці. Спачатку выступіў прафесар Язэп Аляксандравіч Юхо і пераканаўча абгрунтаваў сваю канцэпцыю дзяржаўнасці беларусаў. Пасля выступілі "знакамітыя дацэнты" з Беларускага дзяржаўнага універсітэта, якія на даволі надуманай падставе, што да ВКЛ належалі і землі сучаснай Украіны, і паставілі такое пытанне: чаму Я.А.Юхо і іншыя гісторыкі адмаўляюць у дзяржаўнасці ўкраінцам. На маё пытанне, ці прызнаюць яны дзяржаўнасць за беларускім народам, гэтыя "знакамітыя дацэнты" катэгарычна адказалі "не", што адпавядала афіцыйнай