Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзi | страница 5
Ці не стаміў я такой колькасцю цытат дапытлівага чытача, які, прачытаўшы іх, скажа, што тут кожная цытата _ гэта ўсё тое ж, што пасля 30 гадоў пісаў і даказваў Мікола Ермаловіч, і праўда поўнасцю будзе яго.
Два вялікія беларускія гісторыкі прыйшлі да адных і тых жа поглядаў у вывучэнні і напісанні гісторыі Вялікага княства Літоўскага: адзін _ у канцы 30-х гадоў, другі _ у канцы 60-х гадоў ХХ стагоддзя. Першы _ падаючы толькі метадалогію для будучых гісторыкаў Беларусі, якім прадстаяла яшчэ напісаць разгорнутую гісторыю стварэння і функцыявання Беларускай дзяржавы Вялікага княства Літоўскага. Другі _ фундаментальна разгортваючы яго гісторыю з моманту зараджэння і да яго знікнення (далучэння тэрыторыі ВКЛ у 1795 годзе да Расійскай імперыі).
Нагадаем, што гістарычныя працы Міколы Восіпавіча Шкялёнка былі невядомы ніводнаму беларускаму гісторыку, так як гэты гісторык быў поўнасцю забаронены. У 1946 годзе ён быў расстраляны карнымі органамі, як злейшы вораг дзяржавы і народа. І толькі ў 2003 годзе яго гістарычныя працы былі сабраны і надрукаваны ў Беластоку (Мікола Шкялёнак. "Беларусь і суседзі. Гістарычныя нарысы". Беларускае Гістарычнае Таварыства. Беласток. 2003).
Мы павінны зноў паўтарыцца, што калі ў Міколы Шкялёнка гэта толькі метадалагічныя распрацоўкі да нашай гісторыі, то ў Міколы Ермаловіча _ гэта цэлая і стройная канцэпцыя, якую ён распрацоўваў, не маючы пад рукой матэрыяла свайго папярэдніка.
Але ўзнікае другое пытанне: як так здарылася, што два розныя вучоныя, з разбежкай, прыкладна, у 30 гадоў, прыходзяць да аднолькавых поглядаў? Мы не будзем прыводзіць тут шматлікіх прыкладаў, як у прыродазнаўчых навуках розныя вучоныя ў розных краінах прыходзілі да адных і тых жа навуковых адкрыццяў. Гэтае супадзенне навуковых досвідаў толькі пацвярджала, што адкрыццё, як казалі, ужо "вісела ў паветры". Тое ж самае мы можам з поўнай перакананасцю сцвярджаць, што праўдзівае напісанне гісторыі ВКЛ ужо пасля 50-х гадоў ХХ стагоддзя таксама "вісела ў паветры", і трэба было каб прыйшоў "новы, а мудры гісторык".
І ён прыйшоў.
І ім быў Мікола Іванавіч Ермаловіч.
Мікола Шкялёнак і Мікола Ермаловіч пачыналі пісаць праўдзівую гісторыю Беларусі, вобразна кажучы, з "белага ліста", не маючы на гэта ні навуковага падмурка, ні афіцыйнай падтрымкі. Але імі напісана, можна упэўнена сказаць, першая і галоўная глава ў Сусветнай гісторыі аб дзяржаўнасці, самастойнасці, незалежнасці нашай
Бацькаўшчыны і аб існаванні беларускага народа са старажытных часоў.