Мой гай дубовы | страница 8



Перавозы, брады, чаек тлум над чаўнамі,
Шчары шызай дарога, блакітны тракт Нёмна...
О, Адаме! Паўсюль, скрозь у гэтых малюнках —
Твая постаць, і вусны, і вочы, і сэрца!..
Ўзіму,— воўчыя зрэнкі, ашклёныя сцюжай,
Далягляд абніжаюць лядзяным мігценнем,—
Я з Дзярэчына браўся, страляючы пугай
Над трывожнымі коньмі і брычкай пявучай.
Увесну, едучы ў Слонім хрыбетнікам грэблі
Паўз асколкі люстэрак на поплаве росным,
Думаў я: ці калі Ты блукаў тут, Адаме?
Грэбля ж, як ксілафон, Тваім ладам звінела.
Летам — зелень, блакіт і дзявочыя вочы,
Працінае гармонік вечаровую цішу,
А панураю восенню — вёска ў панцыры ночы
Залатым пульсам вокан цямнечу калыша.
На пясчаным гарбе — волат дуб-раскарака,
Варта гонкіх таполяў наўкол гаспадарак,—
З кніг Тваіх знаў я гэта ўсё лепш і дакладней,
Чым пасля мне наяве пабачыць прыйшлося.
Паўтараў Твае вёсны ў тых самых мясцінах,
Між людзей гэткіх самых з засценкаў і вёсак.
О, каб мог я патрапіць расказаць пра ўсё гэта
З Тваёй сілай любові, з радкоў Тваіх звонам!
Дзе, калі б ні прыпаў я да струн Тваіх кніг,—
Поруч бацька сядае, што пайшоў назаўсёды,
Маці (ведае кнігі Твае ўсе на памяць),
Брат задумны, сястра, закаханая ў Нёман...

БЯРОЗКА

Танцавальнаму ансамблю «Бярозка»


Гаснуць ціха лубіну свечкі,
У калін — сутоннем паверка,
Сіні змрок пацягнуўся да рэчкі,
Захінае вады люстэрка.
Не даходзяць да вёскі сцежкі,
Прыпыніўшыся на пагорку,
Засвяціўся каштан ад усмешкі,
Галавою калышучы зорку.
Лес гайдае мелодыя песні,
Што вяртаецца рэхам да вёскі,
Дзе начны маладзік напрадвесні
Пакідае на дахах палоскі.
Ён кранае дзявочыя губы,
Што спакусліва гэтак вабяць
Да шчымлівай мядовай згубы,
Падсалоджанай цемраю, мабыць.
Лубін — свечкаю каля пожні,
Заірдзеецца чырвань каліны,
Рэхам вернецца ў раз апошні
Песня ў родныя каляіны.
Час інакшы ўжо надыходзіць,
Небакрай світае за вёскай,
I дзяўчаты з ночы выводзяць
Свае постаці грацыі боскай...
За ракой, дзе мурог адметны,
Табунамі вятры гарцуюць,
Зачароўвае вочы балетны
Рух бярозак, якія танцуюць.
I адрозніць цяпер нялёгка
Ад бярозкі белай паненку,
Калі ранак знімае дрогка
З прыгажуні начную сукенку.
Танец. Плечы — вецер і парус,
Крык грудзей пад пражэктарам сонца,
Ногі, стаўшы крылатымі зараз,
У паветры лунаюць бясконца.
Ах, бярозкі!.. Над верасамі
Узлятаюць чародкай шпаркай,
Ім уторачы ў небе, часамі
Кружаць вольныя птахі пад хмаркай.
Не дае мне заснуць пытанне,
Як жа словам злавіць адгалоскі
Песні той, што ўваходіць у танец
Рухам целаў дзявочых: «Бярозкі».

4.Х.1957