Мой гай дубовы | страница 7



свядомасць, і ява, і неба — пагоду прарочаць —
гэта ўсё адбіваецца ў сажалцы ноччу.
Са сну гарады,— сярод вашых дамоў забываю
мелодыю часу, што гадзіннік жывым абвяшчае,
як добра, калі забываеш і час і поры
і крочыш і ў снах і у словах без зморы.
Дзіўныя гарады, вы сустрэлі мяне за ста снамі,
зноў убачыў вас ноччу і зноў паяднаўся я
                                                           я з вамі —
агароджы, і плошчы, і вуліцы — ўсё тут вядома,
нібы тут маладосць я правёў і вярнуўся дадому.
Дзіўныя гарады прада мной паўстаюць, нібы здані,
нараджаюцца ў сне і знікаюць яны па світанні.
Зноў іду скрозь пустэчу, месяц над імі — аховай,
словы снам аддаю, а сны ўсе аддадзены словам.

***

Жонцы


Гляну ў неба на знічку-зорку:
любіць не любіць... Кахае...
Так заўжды, калі хтось на падворку
пры расстанні хусцінкай махае.
Ты сказала: «За сёмай гарою...»
Ты сказала: «За сёмай ракою...»
Я падумаў: «Прыгожыя вочы...»
Я такую чакаць ахвочы.
Не вяртаўся адтуль поезд,
грукатаў, абмінаў і гінуў,
у снягах, што былі па пояс,
наплывала вясна — з успамінаў.
Я спаткаў цябе неяк уночы,
быццам зоркі, свяцілі вочы.
Ты сказала: «За сёмай ракою...»
Адказаў я: «Паеду з табою!»
Гляну ў неба на знічку-зорку,
любіць не любіць, кахае...
Ды ўжо я не гадаю — горка
даўні боль у душы аціхае.
Я кажу: «За сёмай гарою».
Я кажу: «За сёмай ракою».
Я вярнуся, ты гэта знаеш,
Хоць і зрокам мяне не кранаеш.

ЗЯМЛЯ АДАМАВАЙ МАЛАДОСЦІ


Калі б ні прыпаў я да струн Тваіх кніг,
Поруч бацька сядае, што пайшоў назаўсёды,—
Твой зямляк, з тых жа самых краёў Наднямоння...
Там, пад цёплым любові таўром, дом мой родны:
Маці (ведае кнігі Твае ўсе на памяць),
Брат задумны, сястра, закаханая ў Нёман...
Калі месяц кідаў на касцёл навагрудскі
Цень ад замка ў руінах — пілою зубатай,—
Як Ты колісь,— блукаў тут і я, закаханы
У дзяўчо-вузкавочку з завулкаў татарскіх.
Па слядах маладосці Тваёй вандраваў я,
Як цябе, калыхала з дзяўчатамі Свіцязь,
I былі закаханыя ўсе мы ў той томік,
На якім Тваё імя стаяла, Адаме.
Твае словы я ў гуках вышукваў і ў фарбах,
У абліччах людскіх, зорным небе й сінечы,—
Ты ж іх шчодра, як зерне, рассыпаў усюды,
Каб цвілі маладосцю яны векавечнай.
Воза скрып на распаленай, сыпкай дарозе,
Млосць ядлоўцу, дзядоўніку сінія кветкі,
Бурштыновая — з коўзкім арэхам — вавёрка,
Ручаінка пад клямкай крывою масточка;
Як замовы — млыны, курганы — як паданні,
Цэрквы, могілак жудасць бяззорнаю ноччу,
Стрэхі ў моху, свіронкі, грэблі, копанкі чорныя,
Смех крынічак — і спеў «жураўлёў» даўгашыіх;