Літоўскі воўк | страница 85
Ангелец піў чарка ў чарку з жандарам і прыставам - і брывом не паводзіў, дарма што чужапанец, - хваліў гарэлку заўсёдным «о'кеем», закусваў леташнімі рыжыкамі, свежымі агуркамі і зусім непадобны на ангельца, хоць і слова не сказаў па-польску ці па-расейску.
Ягоная спадарожніца, якая назвалася паняй Валеўскай, млява пасміхалася, упэўненая ў сіле сваёй прыгажосці, хваліла (пэўна, ведала толк) і піла, і нямала, віно, якое засталося яшчэ ад вяселля Ўрбановіча. Чым болей яна піла, тым, здавалася, болей прыгажэйшая рабілася. Позіркі яе карых вачэй з-пад роўненькіх шаўкавістых бровак усё больш смялелі, рабіліся больш шчырымі і адкрытымі. Неўзабаве варшаўская госця запанавала за сталом, і ўсе мужчыны да яе толькі і звярталіся, толькі з ёю і падтрымлівалі гутарку. Прыгажосць яе рабілася проста невытрымнай - цяплей, радасней білася сэрца кожнага мужчыны, якога яна адорвала сваім позіркам. Малады Бароўскі, Людовік, то чырванеў, то бляднеў, прыстаў фанабэрыўся, спраўнік чамусьці моршчыўся - пэўна, успамінаў сваю хударлявую жонку. Праўда, ні Артур, ні ангелец, здавалася, не заўважалі сваю нядаўнюю спадарожніцу. Тым часам пані Валеўская смела загаварыла, што Варшава далёка пойдзе дзеля незалежнасці. Артур на гэтыя словы хмурнеў і пазіркваў на спраўніка і Фогеля, Бароўскі Людовік круціў шыяй, а Цэцыліны дзяўчаты аж пішчалі і падтрымлівалі кожнае патрыятычнае слова Валеўскай плясканнем у ладкі.
Пан Ежы не надта пільна слухаў балбатню гасцей, няўцешна глядзеў на спраўніка, што, як карчомнае пойла, жлукціў не гарэлку - віно - бутэлька дзесяць рублёў, - і цешыўся адной толькі думкай - хутка ўсе разыдуцца, ён застанецца сам-насам з жонкай, а тады... Тады справакаваць яе на... размову пра незалежнасць Польшчы, пра інсурэкцыю. І ён дакажа, што ён не меншы патрыёт, чым гэтыя Артуры і Людовікі, пані Валеўская з Цэцылінымі дзяўчатамі. Як дачакацца, калі гэтая зборня разыдзецца? Дачакаецца, і не гэтулькі ў жыцці даводзілася чакаць.
Слова ўзяў Артур Буевіч. Аканом ведаў, пра што ён стане гаварыць - зусім нядаўна падслухоўваў шчырасці маладога чалавека перад жонкай.
- Панове, грамадзяне, - урачыста пачаў Артур, - абуджаны ў народах дух ужо занадта выразна выступіў на сцэну: там італьянцы вызваляюцца, тут скандынавы і нават немцы, з вечнай паміж сабою грызнёй, гуртуюцца, злучаюцца пад сцягам нацыянальнасці. Розныя братнія атожылкі славян прагна адкопваюць свае родныя памяткі... Веру, у кожным з нас, народжаным у гэтым краі, гарыць сэрца прагай да вольнасці, да асноўнага, чым надарыў чалавека Бог, - гэта быць вольным у вольнай краіне.