Літоўскі воўк | страница 30
«Пані Аксана, - скажа ён, - выбірайце, або я, або ён...»
Калі дурніца выбера таго, невядомага?.. І тады ён, пан Ежы Ўрбановіч, скажа яе выбранніку: «Шаноўны васпане, я паважаю ваш выбар, але на гэтым свеце нам дваім няма месца. Вось пісталеты... Вы можаце адмовіцца, але тады... Тады вашага духу не павінна быць тут... Вы павінны знікнуць адсюль, з берагоў Гарыні...»
Але ж тады Аксана паедзе з ім!
Так, пісталеты зараджаны... Можна страляцца: порах сухі, крамяні цэлыя... А калі той, яе каханак... добра страляе? І што тады? Не, належыць абысціся без дуэлі. Клікнуць надзейных людзей, скруціць абаіх, пасадзіць у склеп... Якім ён будзе дурнем, калі стане страляцца немаведама з кім, страляцца ў сярэдзіне XIX, асвечанага здабыткамі цывілізацыі стагоддзя!
Пісталеты надавалі дзіўны супакой. Нават насалоду. Д'ябал ведае, можа, яму хочацца, каб так і завяршылася - страляцца і быць забітым. Не, дай сабе супын! Ён больш хоча ведаць, як маладая - амаль на два дзесяткі гадоў маладзейшая - жонка кахалася з некім. Тут бы хоць вокам адным глянуць, паназіраць за любошчамі грахаводнікаў. Цікава... Шэпчуцца, абдымаюцца... З ім яна не шэпчацца, не абдымаецца так, як хацелася б.
Падгледзець, а потым, заспеўшы на месцы, з аднаго ствала крамзель - аднаму, з другога - другой.
Другой? Аксане - кулю? Не! Ён не герой балады. Тут самы момант хітрэй дзейнічаць. Каб быць у яшчэ больш зручным і выгадным становішчы, нягодніцу варта справакаваць. Сказаць, што едзе ў Пінск ці ў Вільню. Тыдзень туды, тыдзень назад. Самому ж паехаць у леснічоўку да Казіка Цярушкі. Крыху пасядзець, а потым - рум! - у аканомства. Добра застаць іх у абдымках. Каб не аспрэчваліся. Тады што? Шабляй засекчы. І выклікаць спраўніка.
Урбановіч адчуў, што ў яго апухла галава. Схаваў скрынку з пісталетамі, зняў сурдут, сцягнуў адзін бот... Класціся спаць? Тут, у кабінеце, на скураной канапе, на якой яму слалі і на якой апошнія дні даводзілася праводзіць ночы аднаму?
Нешта не так... Значыць, належна рабіць не так, як напісана ў баладах. Змірыцца, сціхнуць, сціснуцца. Спакойны выгляд знішчае падазрэнні, гэта так. Але ці не заўважыць яна зменаў?
Пан аканом задумаўся з адным ботам у руках. За шафай шкробалася мыш, грызла нешта так зацята, як аканома грызлі думкі.
Ат, галадранка! Яна крадком палюбіла нейкага нягодніка. Бач ты яе! А такая хванабэрыя ў паставе, рухах, позірку. Як у баранесы! Нядаўна босая да царквы хадзіла, чаравікі праз плячо - і чэша. Перад царквой абувалася... Цяпер глянь. Пані!.. Жонка аканома. Кава з булачкамі раніцай, авохці мне! Плаці за каву і булачкі... Але не тыцнеш носам у яе беднасць. Паспрабуй тыцнуць?! Бедная, а ганаровая. Унурыць вочы ды маўчацьме... І яшчэ больш ненавідзець пачне.