Літоўскі воўк | страница 29
Пан Ежы паслаў ганца на чоўне да пані Цэцылі, добра, жыла недалёка, праз раку, сам надумаў сачыць за паняй Аксанай... Куды пойдзе, дзе іхняе «nasza miesca»? Добра, што Мондрык паспеў перахапіць Ганну, каб не паведаміла пра раскрыццё змовы.
Пану аканому было за сорак, і ён згараў не так ад рэўнасці, як ад абразы. Душу ў маладое дзяўчо ўклаў. Выпісаў гувернанта, якія мусіў далей кшталціць пані Аксану ў французшчыне, пальшчызне... Але неяк не ладзілася ў яе вучоба. Шкада, што пакуль няма дзяцей. Пойдуць дзеці, жыццё стане іншым.
Пойдуць, пасля гэтай цыдулкі пойдуць дзеці?
За сценамі афіцыны жыла сваім жыццём лагодная жнівеньская ноч, а ў аканомавай галаве бушавала бура. Зачыніўся ў кабінеце, распрануўся, лёг, заплюшчыў вочы і загадаў сабе спаць. Думаў, што і напраўду засне, як удавалася рабіць гэта звычайна, калі яго нешта моцна хвалявала. Але сон не ішоў. Ускочыў, абуўся, адзеўся і стаў хадзіць па кабінеціку па дыяганалі, як загнаны ў клетку звер. Не, сужэнскай здрады, збэшчання шлюбу, асвечанага царквой, ён не пацерпіць.
Трэба супакоіцца, прыняць рашэнне на халодную галаву, не з гарачкі. Першае - разлучыць каханкаў. Выслаць пані Аксану ў Вільню, у Пецярбург, у Варшаву... Але ж суседзі спытаюць - чаму, чаго? Адразу скемяць, што нешта не так у сямейным ладзе. Тут належала дзейнічаць неяк іначай, тут варта знайсці іншы прэтэкст...
Ягоны позірк спыніўся на паточаным дыване, прыбітым да сцяны. На ім віселі стрэльбы, штуцэры, старадаўнія фузеі... Не, крый Божа, страляцца... Каго забіваць? Аксану? Яе каханка? Хто ён, гэты каханак?.. Якім страхалюдкам выглядацьме, калі з паляўнічай стрэльбай стане падкрадвацца да каханкаў... Не, гэта ўжо недзе адбывалася. Здаецца, у адной з баладаў Міцкевіча... Цьху ты! Ён - Ежы Ўрбановіч - герой балады. Ніякай дуэлі. Бо з кім? Мо які павятовы пісар-пархуцька? З мястэчка хто? Не, Аксана не звяжацца абы з кім. Толькі са шляхцюком...
Чым больш аканом разважаў, тым у большы шал уваходзіў. Ну, няхай і такі варыянт: ён стрэльне... І што далей? Сібір? І ў Сібіры людзі жывуць... Можа, напраўду дуэль? Усё-ткі ён, Урбановіч, мужчына, дваранін. Узяць пісталеты, (ёсць, сапраўдныя, дуэльныя) і адразу, на месцы, прапанаваць свайму саперніку двубой?! Без секундантаў, без лекара... Пані Аксана будзе і секундантам, і доктарам. Калі ён, пан Урбановіч, заб'е свайго саперніка, то ў Аксаны не будзе выбару...
Аканом дастаў скрынку са старасвецкімі дуэльнымі пісталетамі. Агледзеў інкруставаныя ствалы. Месцамі пабраліся крапінкамі ржы. Рукі самі сталі рыхтаваць набой: насыпаў пораху, пачаў паціхеньку таўчы малатком кулю ў ствол.