Літоўскі воўк | страница 21
- А вы часам...
- Мае бацькі не былі звязаны з... польскім племенем... - сказаў настаўнік.
Па ім было відаць, што ён з цяжкасцю ўлагодзіў сваё раздражненне.
- Але, згадзіцеся, якое супадзенне! Дык вы... далібог, не сваяк таму пісажу*?
* Пісьменніку (пол.).
- Не. Я не маю ніякіх адносінаў да таго Дастаеўскага... Я - Дастоеўскі!
З гэтымі словамі настаўнік крыху заганарліва выставіў грудзі.
- Ну, - збянтэжаны аканом паціснуў плячыма, - добра. Вядома, Дастоеўскія - стары ліцвінскі род.
- Перапрашаю пана, я - рускі, як кажуць, маскавіт да мозгу касцей, і прашу мяне ніколі не ўблытваць у вырашэнне пытанняў крыві...
- Вырашана! - перабіў маладога настаўніка аканом. - Будзеце жыць да маразоў у флігелі, а потым падшукаем вам цяплейшае месца. З абавязкамі вас азнаёміць мая жонка.
Настаўнік абярнуўся. Жонка аканома коратка зірнула на яго; маладыя людзі сустрэліся позіркамі. У гэты момант і адбылося першае здарэнне, праўда, яно засталося не заўважаным ні аканомам, ні кім з прыслугі, якая прысутнічала пры гэтай сустрэчы. Мала таго, яно, гэтае здарэнне, не адклалася, выразна не зафіксавалася, цяперашняй мовай кажучы, у свядомасці і самога настаўніка, і маладой пані Ўрбановіч. Але ў гэты момант у вачах маладой жанчыны малады настаўнік убачыў перакулены свет: ненатоленую прагу шчасця, нязбытнае каханне, пагаслую радасць жыцця, якая імгненна заззяла, на кароценькі міг успыхнула і адразу, дзеля скрытасці і канспірацыі, згасла, падаўленая правіламі прыстойнасці, - пані Ўрбановіч апусціла вочы.
- Дарэчы - яна ж і ваша найпярвейшая вучаніца. Пані Ўрбановіч, займіцеся настаўнікам, - чамусьці крыху раздражнёна сказаў аканом.
Варта сказаць, што настаўніка чакалі даўно і ўсё было да яго прыезду падрыхтавана. Настаўнік, паводле кантрактнай дамовы, мусіў вучыць не толькі жонку аканома, але і яе незамужніх сясцёр; не толькі дзяцей батракоў, якія працавалі ў аканоміі, але і давучваць, падвучваць і перавучваць усіх, хто быў недавучаны, недаадукаваны і ў самой эканоміі, і ў недалёкім мястэчку, - за ўсіх плаціў з нейкіх сваіх як меркантыльных, так і ахвярных памкненняў цяперашні гаспадар багатай Манкевіцкай эканоміі - Ежы Ўрбановіч.
Ён не бачыў кароткай пераглядкі настаўніка і маладой жонкі, ён хутчэй адчуў небяспеку напярод, падсвядома быў да яе падрыхтаваны, і калі ўпершыню ўбачыў настаўніка, настрой ягоны ўпаў. Ён чакаў якога-небудзь ссівелага чыноўніка, які выйшаў у адстаўку, разарыўся, залез у даўгі і ад беднасці шукаў работу. А тут прыязджае, выбачайце, ледзь не сапернік ягоны ў пытаннях полу. Тут належна мець асаблівую пільнасць.