Літоўскі воўк | страница 168
Толькі больш чым праз месяц дайшло ў Манкевіцкую эканомію на імя Аксаны Ўрбановіч данясенне. То быў просты, звычайны ліст, у якім Артур паведамляў, што паездка ідзе цудоўна, без асаблівых прыгод, дзеці - здаровыя, але надвор'е не спрыяе - ідуць дажджы з навальніцамі. Ліст адмыслова пісаўся такой мовай, каб на выпадак, калі яго перахопяць, нельга было скампраметаваць пані аканомаву.
Аксана і цешылася вестачкай, але і насцярожылася. Што ж здарылася, што Артур не палічыў лішнімі такія меры перасцярогі? Можа, атрад напароўся на вайсковую групу рэгулярнага расейскага войска і быў бой - навальніца? Можа, здарылася нешта іншае? Хто мог паведаміць, расказаць?
Пайшоў другі месяц пасля таго, як інсургенты з песнямі і штандарамі пакінулі мястэчка, і другі тыдзень, як атрымалі ліст ад Артура. І тут раптам Ганна, якая хадзіла аднаго дня на кірмаш, натыкнулася там на... Стасіка. Хадзіў па кірмашы ў нейкім паношаным сінім сурдуце, аперазаны простай вяроўкай. На яго ніхто з мяшчан не звяртаў увагі, а маладзён як ні ў чым не бывала купляў сабе новыя боты: стаяў каля давыд-гарадоцкага шаўца і адчайна гандляваўся, просячы ўступіць яму хоць бы дзесяць капеек. І гэта брат таго Буевіча, які выправіўся на бітву з захопнікамі краю!
Ганна падышла да Стасіка збоку, каб упэўніцца, што гэта менавіта той самы Буевічаў малодшы сын. Яна штурханула яго ў плячо і сказала «дабрыдзень». Стасік хмура павітаўся, разлічыўся, ужо не гандлюючыся, перавесіў пакупку цераз плячо і цішком падаўся прэч.
- Ты куды? - аклікнула яго Ганна.
- Дахаты... - прабурчэў юнак, не паварочваючы галавы.
- Дахаты? А як там? - спыталася Ганна, ідучы следам.
Стась ваўкавата зірнуў на яе, прабурчэў:
- А ніяк.
- Як ніяк? Што здарылася? Ты... Ты ўцёк?
Стася перасмыкнула, як выцялі дрынам.
Ён зайграў сківіцамі, азірнуўся, убачыў, што падазроных і непажаданых асобаў быццам няма, і сказаў:
- Якое табе дзела да мужчынскіх спраў?
- Якое маё дзела? - аж задыхнулася ад гневу Ганна.
Яна стрымала першы парыў гневу. Пастаяла, паглядзела, як Стась пайшоў сабе, таўчэцца каля гандляроў. Потым рашуча папраставала да юнака, пацягнула яго за новыя боты.
- Табе чаго? - прашыпеў Стась. Чырванашчокі, з далікатнымі юначымі вусікамі, з вялікімі, як у дзеўкі, вачамі, выглядаў на прыгажуна.
- Пакажы боты.
Зняў. Ганна зрабіла выгляд, што ўважліва разглядае Стасеў набытак. І раптам дзеўчына размахнулася і як урэзала маладзёну тымі ботамі ў спіну.
- Я пакажу, якое наша дзела! Вырадак! - закрычала яна. - Мы вас шанавалі, адзелі, зброю далі, выправілі ў дарогу, а ты... Ты збег, кінуў таварышаў ды па кірмашах расхаджваеш?! Прызнавайся, уцёк?!